Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі я ў маладосьці мэгатонамі глытаў у віленскіх бібліятэках і прыватных зборах забароненыя ў БССР тэксты пра беларускі рух Заходняе Беларусі, калі слухаў успаміны й развагі Лявона Луцкевіча, ня мог перадбачыць, што тагачасныя палітычныя хады, ярлыкі й стэрэатыпы адродзяцца амаль праз стагодзьдзе.

Калі я асэнсоўваў правапісную традыцыю Тарашкевіча (і прыдумаў для яе назву тарашкевіца), яна для мяне ўвасабляла несавецкае, аўтэнтычнае ўпарадкаваньне літаратурнае мовы ў процівагу навязанай камуністамі русыфікатарскай рэформе правапісу 1933 году. У галаву не магло прыйсьці, што пачынальнік беларускай клясычнай правапіснай традыцыі для некага — сымбаль сталінскага камунізму.

Шмат ужо сказана, пастараюся не паўтарацца. Вырашаць будзе Польская дзяржава. Пытаньне толькі, ці прыслухаецца яна да беларусаў па абодва бакі мяжы.

Міжваенная Польшча да беларусаў не прыслухоўвалася, што і стала асноўным чыньнікам «камунізацыі» — сапраўднай ці ўяўнай — беларускага нацыянальнага руху. Тады ў эндэцкіх асяродках і ксяндза Адама Станкевіча называлі «крыптакамуністам», ня кажучы ўжо пра сапраўды левую 120-тысячную Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, лідэрам якой стаў Тарашкевіч. Зьяўляліся папераджальныя тэксты пра беларускую заразу, яна ж камуністычная, з вымоўнымі назвамі: «Sęp nam wyjada nie serce lecz mózgi». Западозраных у камунізьме можна было легальна перасьледаваць, таму абвяшчаць увесь беларускі нацыянальны рух камуністычным ці падкантрольным камуністам было зручна.

Тое, што беларускі рух тады быў пераважна левы, — ня дзіва. Усе без вынятку нацыянальна-вызвольныя рухі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы прайшлі этап левізны. Ёсьць хрэстаматыйная фраза: «Я сеў у чырвоны трамвай, які называецца сацыялізмам. А выйшаў зь яго на прыпынку незалежнасьць». Аўтар — ня хто-небудзь, а Юзэф Пілсудзкі.

Падсаджваліся ў той трамвай і беларускія дзеячы. Вось толькі Беларусі не ўдалося тады дабрацца да патрэбнага прыпынку. У гэтым галоўная розьніца.

Некаторыя ў атмасфэры няпэўнасьці дэманстратыўна адмяжоўваліся ад усякае лявіцы, а некаторыя — і Тарашкевіч сярод іх — пасьля расчараваньня ў абяцаньнях Польскае дзяржавы — сапраўды павяліся на салодкія песьні крамлёўскіх агентаў. (Ужо цяпер не камуністычная, а пуцінская імпэрыя спрабуе прымазацца да нацыянальных рухаў эўрапейскіх народаў, якія не пасьпелі да разбору ранейшых шанцаў, як каталёнцы — чый рух ня мае да Масквы дачыненьня.)

Тарашкевіч як парлямэнцкі прамоўца і публіцыст гаварыў і пісаў рознае. Так, ён хацеў аб’яднаць Беларусь, шукаючы хоць якія спосабы для гэтага. Але ў яго на руках няма крыві.

Калі разважаць практычна, варта зьвярнуцца да заканадаўчае базы сытуацыі з назвай вуліцы і ліцэю.

Вось Закон Рэспублікі Польшчы ад 1 красавіка 2016 г. «Аб забароне прапаганды камунізму ці іншага таталітарнага ладу праз назвы будынкаў, аб’ектаў і ўстановаў грамадзкага карыстаньня».

«Арт. 1. 1. Назвы будынкаў, аб’ектаў і ўстановаў грамадзкага карыстаньня, у тым ліку дарог, вуліц, мастоў і пляцаў, якія надаюць адзінкі тэрытарыяльнага самакіраваньня, ня могуць быць у памяць асобаў, арганізацыяў, падзеяў ці датаў, якія сымбалізуюць камунізм ці іншы таталітарны лад, а таксама ня могуць прапагандаваць такі лад іншым чынам».

Артыкул дае азначэньне назваў, падлеглых скасаваньню: «якія сымбалізуюць камунізм». Але дзеяслоў сымбалізаваць, на жаль, — не юрыдычны тэрмін. І не навуковы. І ў Законе ён далей не раскрываецца. У чыёй сьвядомасьці тыя назвы маюць сымбалізаваць камунізм, у якой ступені? Застаецца прастора для суб’ектыўнага трактаваньня Закону.

У іншых нашых суседзяў аналягічны пункт аналягічнага закону выглядае інакш. маю на ўвазе Закон Украіны ад 9 красавіка 2015 г. «Пра асуджэньне камуністычнага й нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарных рэжымаў ва Ўкраіне ды забарону прапаганды іхнае сымболікі».

Яго Арт. 1 («Вызначэньне тэрмінаў») пункт 4) падпункт є) вычарпальна тлумачыць, якія тапанімічныя назвы ў гонар асобаў лічацца сымболікай камуністычнага таталітарнага рэжыму:

«...назвы абласьцей, раёнаў, населеных пунктаў, раёнаў у гарадох, сквэраў, бульвараў, вуліц, завулкаў ... іншых аб’ектаў тапанімікі населеных пунктаў, прадпрыемстваў, установаў, арганізацыяў, у якіх выкарыстаныя імёны або псэўданімы асобаў, якія займалі кіроўныя пасады ў камуністычнай партыі (пасаду сакратара раённага камітэту і вышэй), найвышэйшых органах улады й кіраваньня СССР, УССР, іншых саюзных або аўтаномных савецкіх рэспублік, працавалі ў савецкіх органах дзяржаўнай бясьпекі...»

Такім чынам, украінскі Закон патрабуе замены назваў у гонар супрацоўнікаў савецкіх органаў дзяржаўнай бясьпекі незалежна ад пасады, што ж да партыйных дзеячоў — то эксклюзіўна рэглямэнтуе, ад якой кіроўнай пасады пачынаючы яны такімі лічацца.

У пункце 1 артыкулу таксама вычарпальна раскрываецца значэньне тэрміну «камуністычная партыя» ў Законе. Гэта РСДРП(б), РКП(б), ВКП(б), КПСС, КП(б)У, КПУ, камуністычныя партыі саюзных рэспублік СССР і іхныя нізавыя структуры да гораду ўключна. Заўважма, што КПЗУ ў пераліку няма. Якія б ні былі прычыны — нагадаем, што і ў КПЗБ, і ў КПЗУ нярэдка аказваліся беларускія і ўкраінскія патрыёты, якія трапілі ў аблуду, паверыўшы, што за ўсходняй мяжой будуецца беларускі/украінскі дом, і жорстка за гэта паплаціліся, амаль татальна трапіўшы пад нож сталінскіх рэпрэсіяў у 1939 годзе.

Украінскі Закон дастаткова дакладны, не пакідае прасторы для суб’ектывізму і таму не павінен залежаць ад зьменаў палітычнай каньюнктуры. Думаючы пра нашыя падыходы да будучай непазьбежнай дэкамунізацыі тапанімічнае прасторы, трэба ўважліва прыгледзецца да суседзкага досьведу і яго юрыдычных асноваў.

Тарашкевіч ня быў камуністычным партыйным кіраўніком. Але ці сымбалізуе Тарашкевіч камунізм? Пытаньне ключавое, яно вынікае з польскага Закону аб дэкамунізацыі.

Адказу не дадуць анансаваныя дыскусіі гісторыкаў. Адны пакажуць паперку зь ягоным подпісам аб сплаце грашовых складак. А іншыя нагадаюць, чым урэшце заплаціў Тарашкевіч за сваю памылку. Дамовіцца немагчыма. Але адказ на пытаньне, каго і чаго сымбалем ёсьць Браніслаў Тарашкевіч, ужо даў склад удзельнікаў цяперашняй грамадзкай дыскусіі.

Бароняць імя Тарашкевіча беларускія інтэлектуалы і дзеячы па абодва бакі мяжы, якіх у сымпатыях да камунізму западозрыць цяжка. Бароняць тыя, для якіх ён адзін зь лідэраў незалежніцкай рэвалюцыі 1918–1920 гадоў; для каго ён сымбаль несавецкай традыцыі мовы; тыя, хто цэніць ягоны літаратурны ўнёсак (у тым ліку пераклады польскае клясыкі). Бароняць удзячныя яму за Таварыства беларускай школы, бяз спадчыны і запавету якога нам было б цяжэй змагацца за тую самую беларускамоўную школу ўжо пад цяперашняй уладай.

Але маўчаць абедзьве камуністычныя партыі Беларусі — і неперайменаваная, і перайменаваная. Чаму? Бо эўрапейскі беларус-незалежнік і ягоныя каштоўнасьці для іх чужыя. Бо Тарашкевіч ніколі ня быў і ня мог быць сымбалем камунізму. Нават будучы чальцом тае партыі ці супрацоўнікам яе дасьледніцкіх інстытутаў.

У савецкі час нават пасьля фармальнае рэабілітацыі Тарашкевіча ў 1957 годзе папулярызацыя яго імя не ўхвалялася. Не было і не магло быць ані вуліц яго імя, ані збораў твораў ці факсымільных перавыданьняў. Ягоныя мастацкія пераклады пачалі друкавацца толькі ў апошняе дзесяцігодзьдзе камунізму, а вуліцы Тарашкевіча ў Маладэчне і Радашкавічах зьявіліся ў кароткі пэрыяд адноснай дэмакратыі пачатку 1990-х. Дзіўны пажар у Радашкавічах у 2002 годзе зьнішчыў ягоныя рэчы і рукапісы, які маглі б стаць асновай музэю.

Маўчыць цяперашняя ўлада, якая адзначае ўгодкі «кастрычніцкай рэвалюцыі», ставіць помнікі сталінам-дзяржынскім і лічыць сябе спадкаемцай улады БССРаўскай.

Галоўны рэдактар галоўнай уладнай газэты «Советская Белоруссия» невядома паводле якога права (яго ня маюць родзічы ахвяраў рэпрэсіяў) пазнаёміўся з НКВДысцкай справай Тарашкевіча і публічна заявіў, што Тарашкевіч вінаваты ў арышце больш як 160 чалавек, бо, маўляў, даў на іх паказаньні.

Тут ня месца на даўжэйшы камэнтар, але

  1. мяркую, што галоўны рэдактар са сьвечкай пры допыце і складаньні пратаколу ўсё ж не стаяў, бо нарадзіўся ў 1946 годзе,
  2. арыштамі, катаваньнямі і расстрэламі, у тым ліку Тарашкевіча, займаўся НКВД, а не Тарашкевіч,
  3. працытую ліст да Аляксандры Бэргман Станіслава Шушкевіча — старэйшага (ён сядзеў тады ў суседняй камэры): «Мы даведаліся, што Браніслаў прыйшоў увесь зьбіты. Сказаў, што ня выжыве, што ўся яго бялізна ў крывавых плямах...».

Чаму і навошта аднаму з рупараў афіцыйнай ідэалёгіі Лукашэнкавай улады трэба было прынізіць менавіта Тарашкевіча (пры гэтым не называючы публічна імёнаў ягоных катаў!) — можна мець некалькі тлумачэньняў. Але галоўнае — Тарашкевіч ніякім чынам ня іхны сымбаль.

Ён сымбаль трагедыі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, яго інтэлігентнасьці й слабасьці, рамантызму і наіўнасьці, прынцыповасьці й катастрафічных памылак. Наш сымбаль...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG