Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцекачы, клімат і Эўразьвяз: што можа перашкодзіць Мэркель стаць канцлерам Нямеччыны


Ангела Мэркель
Ангела Мэркель

Паўтара месяца таму вынікі выбараў у нацыянальны парлямент Нямеччыны бундэстаг успрымаліся як перамога Ангелы Мэркель і гарантыя таго, што яна застанецца канцлерам яшчэ на чатыры гады. Аднак блёку Мэркель да гэтага часу не ўдалося дамовіцца з партнэрамі па кааліцыі і прыступіць да фармаваньня ўраду. RFI распавядае, пра што спрачаюцца ўдзельнікі новай кааліцыі і ці ўдасца Ангеле Мэркель зноў заняць пасаду канцлера.

У Нямеччыне, якая зьяўляецца парлямэнцкай рэспублікай, канцлера мусіць абіраць бундэстаг абсалютнай большасьцю галасоў. А пасьля гэтага канцлер прызначае міністраў, пры гэтым міністэрскія партфэлі дастаюцца прадстаўнікам кіруючай кааліцыі. Таму прадстаўнікам партыяў трэба ня толькі дамовіцца аб стварэньні кааліцыі, але і загадзя ўзгадніць свае палітычныя прапановы, каб будучы ўрад быў устойлівым.

Здавалася б, кансэрватыўны блёк ХДС/ХСС Ангелы Мэркель перамог на парлямэнцкіх выбарах у верасьні, і гэта мусіла гарантаваць Мэркель пераабраньне на пасаду канцлера. Але акрамя прарыву крайне правай «Альтэрнатывы для Нямеччыны», сэнсацыяй выбараў стаў вынік сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПГ). СДПГ страціла 40 месцаў у параўнаньні з папярэднім скліканьнем (193 супраць 153), абвясьціла пра адмову фармаваць кааліцыю з ХДС/ХСС, як гэта было раней, і пайшла ў апазыцыю.

Кансэрватыўны блёк Мэркель ХДС/ХСС, у сваю чаргу, таксама аслабеў. Калі ў папярэднім скліканьні бундэстагу ў іх было 311 месцаў, то ў новым — толькі 246 (200 — ХДС і 46 — ХСС). Каб атрымаць падтрымку большасьці ў бундэстагу без СДПГ, кансэрватарам давялося заклікаць да аб’яднаньня лібэралаў з Свабодна-дэмакратычнай партыі (СвДП), у якіх 80 месцаў, і зялёных (67 месцаў). Учатырох, ХДС/ХСС, СвДП і зялёныя, складаюць абсалютную большасьць — 393 месцы з 709 у парлямэнце. Будучая кіруючая кааліцыя паводле колераў партыяў ужо атрымала назву «Ямайка» (чорныя, жоўтыя і зялёныя, як сьцяг Ямайкі). Але лёс нямецкай «Ямайкі» дагэтуль пад пытаньнем: калі хаця б адна з партыяў адмовіцца аб’ядноўвацца, большасьці не набярэцца, Мэркель могуць не пераабраць, а калі і пераабяруць, ёй давядзецца фармаваць урад меншасьці.

Чатыры партыі вядуць перамовы аб кіруючай кааліцыі і фармаваньні ўраду ўжо чатыры дні. З раніцы чацьвярга, 16 лістапада, прадстаўнікі ўсіх чатырох партый, перапыняючыся толькі на некалькі гадзін для сну, беспасьпяхова спрабуюць дамовіцца. Як пішуць нямецкія СМІ, перамоўнікі ня могуць прыйсьці да адзінага меркаваньня па трох тэмах.

Першае праблемнае пытаньне — мігранты. Пасьля таго, як у краіну прыехалі больш за мільён просьбітаў прытулку, палітыкі асьцерагаюцца яшчэ большага ўзмацненьня праварадыкальных настрояў у грамадзтве. Таму ХДС/ХСС прапануюць прымаць ня больш за 200 тысяч уцекачоў за год. Зялёныя гатовыя пагадзіцца на гэта, але толькі пры ўмове, што ўсім уцекачам будзе дадзенае права на ўзьяднаньне зь сям’ёй (цяпер такога права часова няма ва ўцекачоў з зонаў ваенных дзеяньняў).

Другая падстава для дэбатаў — кліматычныя пагадненьні. Хоць прадстаўнікі ўсіх чатырох партыяў згодныя з тым, што трэба скарачаць вытворчасьць электрычнасьці ад вугалю, няма рашэньня на колькі трэба яго скараціць. Акрамя таго, зялёныя настойваюць на падатковай палітыцы, якая падтрымлівала б пераход на экалягічна чыстыя віды транспарту.

Трэцяя перашкода — новая эўрапейская палітыка, прапанаваная Эманюэлем Макронам. Лібэралы выступаюць супраць захаваньня фондаў дапамогі краінам, якія сутыкнуліся з крызісам, а таксама супраць асобнага бюджэту краінаў эўразоны на агульныя праекты. Кансэрватары падтрымліваюць гэтыя захады, але не падтрымліваюць ідэі аб’яднаньня даўгоў. Зялёныя, наадварот, прапануюць супрацоўнічаць з францускім прэзыдэнтам. Яшчэ адной «эўрапейскай» праблемай зьяўляецца пытаньне аб уступленьні Турцыі ў Эўразьвяз. ХСС прапануе цалкам спыніць перамовы аб гэтым, а зялёныя такую пазыцыю лічаць занадта радыкальнай.

Перамовы ўдзельнікаў «Ямайкі» маюць завяршыцца да панядзелка, 20 лістапада. Як піша AFP, калі яны завершацца правалам, у пачатку 2018 года грамадзянам Нямеччыны зноў прыйдзецца пайсьці на выбарчыя ўчасткі. А Мэркель на новых выбарах ужо ня будзе ўзначальваць ХДС, бо ліміт даверу да яе наўпрост зьвязаны зь цяпершнімі перамовамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG