Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Магілёва абаранілі рынак «Прыдарожны». На ягоным месцы зьбіраліся ўзводзіць дом і стаянку. За два дні гандляры і наведнікі рынку сабралі больш за 1000 подпісаў у яго абарону. Сваю пазыцыю прадпрымальнікі даносілі чыноўнікам на сустрэчах у гарвыканкаме.

«Улічваючы звароты грамадзянаў, вырашана адмовіцца ад узьвядзеньня ў бліжэйшыя гады жылога дома...», — адпісаў гандлярам рынку намесьнік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандар Пацёмкін.

У ягоным лісьце гаворыцца, што «у дадзенай зоне разьмяшчэньне гандлёвых аб’ектаў, аб’ектаў грамадзкага харчаваньня, бытавога абслугоўваньня для мясцовага насельніцтва зьяўляецца прыярытэтным».

З Аляксандрам Пацёмкіным сустракаліся прадстаўнікі прадпрымальніцкай грамады і ён запэўніваў, што рынак чапаць ня будуць, але на прыёме ў старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава гандлярам было заяўлена, што будаўніцтва дому і стаянкі зацьверджаныя генэральным плянам, які не падлягае карэктаваньню. Ім прапаноўвалі разьмясьціць свае крамы на першым паверсе дома, які зьбіраліся ўзводзіць побач з рынкам.

Сход прадпрымальнікаў і наведнікаў «Прыдарожнага» рынку
Сход прадпрымальнікаў і наведнікаў «Прыдарожнага» рынку

Пра вынікі перамоваў прадпрымальнікі, якія хадзілі ў гарвыканкам, паведамілі на сходзе. На яго прыйшлі ня толькі гандляры, але жыхары прылеглых дамоў. Прапанова Цумарава не была падтрыманая. На сходзе гучалі заклікі працягваць захады па абароне рынку. Праз тыдзень гандлярам адпісалі, што пытаньні з рынкам улагоджаныя.

Прадпрымальнікі лічаць, што адстаяць рынак дапамагла агалоска ў сродках масавай інфармацыі.

«Калі б пра праблему не паведамілі СМІ, то наўрад ці мы б дачакаліся зьмены пазыцыі ў чыноўнікаў», — пракамэнтаваў рашэньне гарвыканкаму адзін з абаронцаў рынку.

Рынак «Прыдарожны» — на гарадзкой ускраіне. Яго наведнікі — жыхары раёну ўздоўж вуліцы Чалюскінцаў, а таксама прыгарадных вёсак. Тыя, хто ходзяць на рынак, кажуць, што іх задавальняюць цэны і выбар тавараў. Гандлююць там харчамі і таварамі шырокага спажываньня.

Магілёўскі гарвыканкам задумаў зьнесьці рынак дзеля «цывілізаванага жыцьця». Людзі супраць

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG