Двое камбаджыйскіх журналістаў Уон Чын і Ёнг Сачэамэта, якія працавалі на радыёстанцыі «Свабодная Азія», якая фінансуецца ЗША, абвінавачаныя ў шпіянажы.
Паводле агенцтва Associated Press, гэта стала апошнім прыкладам ўзмацненьня рэпрэсіяў супраць праціўнікаў аўтарытарнага прэм’ер-міністра краіны Хун Сэна.
Чын і Сачэамэта былі арыштаваныя ў аўторак і падазраюцца ў прадстаўленьні інфармацыі замежнай дзяржаве, сказаў прадстаўнік муніцыпальнага суда Пнампэню.
Урад прэмʼер-міністра Хун Сэна і яго хаўрусьнікаў падвергнулі крытыцы сваіх апанэнтаў, яны закрылі больш за дзесятак радыёстанцый і распусьцілі асноўную апазыцыйную партыю. У верасьні бюро радыё «Свабодная Азія» у Пнампэні закрыла свой офіс у Паўднёва-Усходняй Азіі пасьля 20 гадоў працы, патлумачыўшы гэта запалохваньнем урадам мэдыяў, якое, паводле яго слоў, дасягнула «беспрэцэдэнтнага ўзроўню».
У тым жа месяцы незалежная англамоўная газэта The Cambodia Daily была вымушаная зачыніцца пасьля таго, як яе абвінавацілі ў нявыплаце вялізнага падатковага доўгу. Выданьне назвала абвінавачаньне палітычна матываваным.
Перасьлед журналістаў ўспрымаецца як частка намаганняў урада Хун Сэна па нэўтралізацыі палітычных апанэнтаў напярэдадні выбараў у наступным годзе. Хун Сэн займае сваю пасаду з 1985 года і трымае ўладу пасьля перавароту ў 1997 годзе.
Хоць Камбоджа, спустошаная крывавым рэжымам «чырвоных кхмэраў» у 1970-х гадах, цяпер зьяўляецца намінальна дэмакратычнай дзяржавай, яе інстытуты застаюцца слабымі і вяршэнства закона не захоўваецца.