Кінадрама расказвае пра расстрэлы «ворагаў народу» ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, пераносячы гледачоў у 1930-я, калі СССР ахапілі сталінскія рэпрэсіі.
Экранізаваў «Жоўты пясочак» рэжысэр Аляксей Туровіч. Дзяржава адмовіла яму ў фінансавай падтрымцы і праект быў рэалізаваны за ўласныя грошы. Усе ролі выканалі акторы беларускіх тэатраў.
«Курапаты для беларусаў — гэта больш чым проста могілкі, — адзначалася ў прамовах падчас прэзэнтацыі. — Гэта пытаньне нацыянальнай годнасьці. Курапаты і сёньня застаюцца актуальнымі — напрыклад, сёлета грамада бараніла помнік ад камэрцыйнай забудовы».
Як сказаў Свабодзе Аляксей Туровіч, імпрэза выклікала вялікую цікавасьць, у залі сабралася багата гледачоў, пераважна маладога ўзросту. Пасьля паказу людзі доўга не разыходзілася, кінарэжысэр адказаў на ўсе пытаньні, падпісаў кнігі свайго аўтарства.
У Менску інтарэс да стужкі выявіў толькі адзін кінатэатар «Масква», дзе ў сярэдзіне верасьня адбылася яе прэзэнтацыя. Спробы дамовіцца наконт пракату з кіраўнікамі іншых установаў плёну ня мелі.
Цягам кастрычніка «Жоўты пясочак» паказалі ў шэрагу гарадоў Менскай вобласьці, аднак іншыя рэгіёны, за рэдкім выключэньнем, ад прапановаў пра супрацоўніцтва адмовіліся.
Не захацела ўключаць фільм у эфірную сетку і кіраўніцтва Беларускага тэлебачаньня.
Водгукі пасьля першых паказаў карціны ў Беларусі былі розныя, самым вострым пытаньнем стала расейская мова стужкі.
На перакананьне крытыкаў, героі не павінны размаўляць на мове сваіх катаў. Паводле Аляксея Туровіча, дубляж стужкі на беларускую мову значыцца ў плянах, але дзеля гэтага трэба сабраць грошы.