Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку спусташальнай паводкі ў Грэцыі загінулі 15 чалавек


У выніку паводкі, выкліканай праліўным начным дажджом, загінулі прынамсі 15 чалавек і адбыліся разбурэньні ў цэнтральнай Грэцыі.

Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя Грэцыі, колькасьць загінулых у выніку раптоўных паводак, якія спустошылі раёны вакол сталіцы Грэцыі Атэны, дасягнула 15 чалавек.

Як паведамляецца, многія з загінулых былі людзьмі пажылога веку, іх целы былі знойдзеныя ў іхных дамах.

Яшчэ прынамсі 86 чалавек былі выратаваныя ад паводкі і з рознымі траўмамі дастаўленыя ў бальніцу, паведамляе СNN.

Прамысловыя гарады Мандра, Нэа Пэрамас і Мэгара на захадзе ад сталіцы Грэцыі Атэнаў пацярпелі найбольш. У заходнім рэгіёне Атыка, дзе знаходзіцца горад Мандра, адзін з найбольш пацярпелых ад паводкі, было абвешчана надзвычайнае становішча.

Залевы атакавалі часткі Грэцыі на працягу тыдня, але асабліва моцны дождж гэтай ноччу выклікаў раптоўную паводку, да якой, як сказалі мясцовыя жыхары, яны не былі гатовыя.

Паводкай зрушаныя зь месца транспартныя сродкі, пашкоджаныя сьцены і дахі дамоў, шмат дамоў затопленыя да ўзроўню, які пагражае жыцьцю , паведамляе ВВС. Часткі нацыянальнай сыстэмы аўтамагістраляў былі зьнішчаныя, шматлікія дарогі застаюцца закрытымі.

У сераду ў другой палове дня пажарная служба Грэцыі паведаміла, што было атрымана больш за 600 званкоў аб дапамозе і выратавальныя апэрацыі па-ранейшаму працягваюцца.

Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас абвясьціў нацыянальную жалобу ў сувязі з трагедыяй, а таксама паабяцаў аказаць дапамогу пацярпелым і гарантаваць, каб іх разьмясьцілі ў бясьпечным месцы.

XS
SM
MD
LG