Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў сайту Hrodna.life: інфармацыйная місія па-беларуску


Ілюстрацыйнае фота. Старонка сайту Hrodna.life

Горадзенскі сайт гарадзкіх навінаў Hrodna.life адзначыў першае дзесяцігодзьдзе свайго існаваньня. Журналісты ня маюць уласнага памяшканьня і вымушаныя зьвярнуцца да чытачоў праз краўдфандынгавую пляцоўку па фінансавую дапамогу.

З галоўным рэдактарам сайту Hrodna.life Аляксеем Шотам гутарым у кавярні, бо новы пакойчык, куды пусьцілі журналістаў добрыя людзі, пакуль бяз мэблі. Ён дзеліцца досьведам, як рабіць гарадзкі сайт у сучасных беларускіх умовах і пры гэтым цягам усёй размовы ні разу не паскардзіўся на складанасьці сваёй працы.

Аляксей расказвае, што сайт адзначыў 10-гадовы юбілей і, нягледзячы на розныя праблемы кшталту судовых працягвае штодзённа інфармаваць горадзенцаў, яднае вакол сябе маладых людзей і строіць пляны на будучыню.

Трошкі гісторыі

Аляксей прыгадвае, што ідэю сайту ўвасаблялі разам са Зьмітром Ягоравым і Алесем Залеўскім, якія зараз працуюць на «Белсаце».

Сайт існаваў пры грамадзкай арганізацыі «Трэці сэктар», у якой была школа маладога журналіста. Туды ахвотна прыходзіла моладзь, і сайт, які ад пачатку меў назву «Твой стыль», стаў першай практычнай пляцоўкай для тэкстаў, радыё- і відэарэпартажаў.

Рэдактар сайту Hrodna.life Аляксей Шота
Рэдактар сайту Hrodna.life Аляксей Шота

«Тады ў Горадні склалася такая сытуацыя, што ўлады пазакрывалі ўсе незалежныя выданьні і нашым маладым журналістам не было нават дзе стажыравацца. Вось так і паўстаў наш сайт», — гаворыць Аляксей Шота.

Новая ідэя, паводле суразмоўцы, зьявілася ў 2015 годзе, калі прыйшло разуменьне, што сайт можа стаць новым гарадзкім мэдыя. На тое, каб перазапусьціць яго пад новай назвай — Hrodna.life — пайшло трохі больш за год, і ўжо ад 2016-га зьявіўся новы беларускамоўны рэсурс.

«Мы тыповы гарадзкі сайт»

Ад самага пачатку, паводле Шоты, вырашылі пісаць пра тое, што адбываецца ў Горадні.

«Наш слоган — „Жыцьцё гораду і жыцьцё ў горадзе“, — кажа Аляксей. — Мы даём шмат кароткіх навінаў, пачынаючы ад таго, дзе прарвала трубу, і заканчваючы тым, як незаконна высяляюць 94-гадовую бабулю, каб потым забудаваць ейны надзел зямлі».

Карэспандэнт Руслан Кулевіч, бадай, самы пазнавальны журналіст у горадзе. Навіны ён шукае на ровары
Карэспандэнт Руслан Кулевіч, бадай, самы пазнавальны журналіст у горадзе. Навіны ён шукае на ровары

Паводле Шоты, рэдакцыя імкнецца ня толькі пісаць для гараджан, даваць голас тым, хто яго ня мае, а і ўплываць на іх справы, думкі, каб зьмяніць сытуацыю да лепшага.

«Нам вельмі важна ня толькі паказаць, што адбываецца ў Горадні, але расказаць пра яе жыхароў, асабліва незвычайных, з самымі цікавымі гісторыямі і ўчынкамі. У нашага гораду багатая гісторыя, і мы імкнёмся яе таксама распавесьці так, як гэтага ніхто да нас не рабіў».

«Ня пішам пра палітыку, бо яе практычна няма ў краіне»

Кажучы пра тэматыку тэкстаў на сайце, рэдактар зьвяртае ўвагу на тое, што яны амаль ня пішуць пра палітыку. Паводле Аляксея, палітыкі практычна няма ня толькі ў Горадні, але і ва ўсёй краіне.

«Гэта нецікава, перадусім мы зыходзім з рэальных клопатаў нашых чытачоў, — падкрэсьлівае рэдактар Hrodna.life. — Рабіць такія матэрыялы дорага і неапраўдана, прасьцей перадрукаваць тэксты ад тых, хто на гэтым спэцыялізуецца».

Шота кажа, што хацелася б рабіць якасныя матэрыялы на эканамічныя тэмы, але пакуль у іх няма журналістаў з такой кваліфікацыяй. І гэта застаецца толькі ў плянах.

Чаму выйшлі на краўдфандынгавую пляцоўку

Ірына Новік сярод горадзенскіх журналістаў падчас працы
Ірына Новік сярод горадзенскіх журналістаў падчас працы

Штодзённае абнаўленьне сайту новымі матэрыяламі робяць тры журналісты — Аляксей Шота як рэдактар, а таксама карэспандэнты Ірына Новік і Руслан Кулевіч. Ёсьць пэўная колькасьць фрылансэраў, але яны працуюць эпізадычна. Таму было прынята рашэньне выйсьці на краўдфандынгавую пляцоўку talaka.org з тым, каб пашырыць свае фінансавыя магчымасьці.

«У нас вельмі шмат ідэяў, але ажыцьцявіць іх не пад сілу, калі не пашыраць рэдакцыю. Цяпер кожны з нас мае нейкую іншую дадатковую працу, каб зарабіць сабе на жыцьцё, бо сайт не дазваляе гэтага рабіць. І мы хочам зьмяніць сытуацыю, праверыць, наколькі насамрэч патрэбныя сваім чытачам. Першыя дні на talaka.org абнадзейваюць, а там — час пакажа».

Пазовы пра абарону гонару і годнасьці

Нягледзячы на сваю апалітычнасьць, на адну з публікацый Hrodna.life падала ў суд адміністрацыя Горадзенскага кінапракату. Працэс яшчэ ня скончыўся. Паводле Шоты, ёсьць і іншыя незадаволеныя, хто таксама пагражае судом.

Для калектыву гэта новы досьвед, але рэдактар жартуе, што і іх сайт урэшце пачаў адпавядаць выказваньню: усе хоць трошкі вартыя выданьні ў гэтай краіне ўрэшце сутыкаюцца з пазовамі пра абарону гонару і годнасьці...

«У сур’ёзнай справе ў нашай краіне такі досьвед папросту непазьбежны», — дадае ён.

«Беларуская мова — гэта наша адметнасьць»

Шота перакананы, што калі б яны выдавалі свой сайт па-расейску, то чытачоў мелі б значна болей. З другога боку, папросту зьніклі б у прасторы іншых расейскамоўных сайтаў, бо нічым бы ад іх не адрозьніваліся.

«Усе нашыя чытачы нас ведаюць па нашай беларускай вэрсіі і, што яшчэ цікава, мы заўважаем, як расьце наша аўдыторыя, як людзі імкнуцца чытаць па-беларуску. І нават рэклямадаўцы ставяцца да мовы абсалютна адэкватна. І ў гэтым таксама адметная наша місія, бо ніхто болей у Горадні не інфармуе гараджанаў на беларускай мове», — падсумаваў Аляксей Шота.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG