Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлетні фэстываль мабільнага кіно velcom Smartfilm ня мае намінацыі для фільмаў на беларускую тэматыку

  • БелаПАН

Постэр фэстывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm у 2016 годзе.

Асобнай намінацыі для беларускамоўных фільмаў або фільмаў на беларускую тэматыку на 7-ым Міжнародным фэстывалі мабільнага кіно velcom Smartfilm ня будзе, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 14 лістапада начальнік упраўленьня маркетынгу кампаніі velcom Юлія Дайнэка.

Яна нагадала, што асобная намінацыя для фільмаў з беларускім кантэкстам была на пятым кінафоруме ў 2015 годзе, які быў прысьвечаны буктрэйлерам — відэаролікам, якія прэзэнтавалі творы літаратуры. Тады арганізатары імкнуліся прыцягнуць увагу ўдзельнікаў конкурсу да твораў беларускіх аўтараў.

«Унутры каманды было шмат дыскусій, ці варта вылучаць беларускую тэму. У той час нам здалося, што падтрымаць яе было б нядрэнна. Але з выхадам на міжнародны ўзровень [у 2016 годзе] мы вырашылі, што гэтага было дастаткова», — сказала Дайнека.

Член журы velcom Smartfilm кінааналітык і культуроляг Максім Жбанкоў лічыць, што «спэцыяльная ніша для кіно [на беларускую тэматыку] у рамках фэстывалю ўжо немэтазгодная». На яго думку, канкурсанты і арганізатары павінны разумець, што «беларуская мова не зьяўляецца знакам якасьці працы, алібі і гарантыяй перамогі».

«Два гады таму была задача надаць нейкі першапачатковы імпульс [разьвіцьцю кінэматографа на беларускую тэматыку]. Зараз жа мы проста глядзім на тое, што ёсьць, адсочваем працэс і хочам, каб беларускія аўтары перамагалі, таму што яны найлепшыя, а не таму, што яны беларускія», — падкрэсьліў Жбанкоў.

Прыём заявак на 7 Міжнародны фэстываль мабільнага кіно velcom Smartfilm стартаваў 14 лістапада і будзе доўжыцца да 31 сьнежня. На конкурс кінафоруму прымаюцца фільмы, зьнятыя на камэру мабільнай прылады, і працягласьцю ня больш за 10 хвілін.

Правілы ўдзелу ў конкурсе апублікаваныя на афіцыйным сайце кінафэстывалю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG