Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску паменшылі норму забесьпячэньня грамадзкім транспартам. А як у суседніх сталіцах?


Квіток на праезд у Менску.
Квіток на праезд у Менску.

Менскія ўлады другі раз за год паменшылі нарматыў забесьпячэньня менчукоў грамадзкім транспартам.

Цяпер штодня адзін аўтобус (трамвай, тралейбус, вагон мэтро) прыходзіцца на дзьве тысячы чалавек.

Намесьнік гендырэктара «Менсктранса» Віктар Тозік сказаў карэспандэнту Свабоды, што пасажыры ад гэтага ніякіх нязручнасьцяў не адчуюць.

«Проста ўзаконілі тое, што існуе на сёньняшні дзень. Тая колькасьць тэхнікі, якая раней працавала ў Менску, працягвае працаваць. Як працавала амаль тысяча аўтобусаў на горад, 680 тралейбусаў і 93 трамваі, так і працягваюць працаваць. То бок на паперы памянялася, а ў жыцьці ўсё засталося. Проста прывялі ў адпаведнасьць. Неяк прасьлізнула ў друку, што паменшыліся нормы сацыяльнага стандарту, наадварот, атрымліваецца, што сытуацыя нават палепшылася».

У 2003 годзе Менгарвыканкам устанавіў сьпіс мінімальных сацыяльных стандартаў па абслугоўваньні насельніцтва Менску. Сярод іншага там прапісана норма забесьпячэньня грамадзкім транспартам. Спачатку гэта норма складала адзін аўтобус (тралейбус) на 1,5 тысячы чалавек. Але ў лістападзе 2016 года нарматыў панізілі да 1,55 тысячы чалавек у будні і 2 тысячы ў выходныя. У кастрычніку Менгарвыканкам зраўняў колькасьць транспарту ў будні і выходныя.

Ці існуе падобны нарматыў у суседніх краінах?

У Кіеве няма формулы, згодна зь якой вылічаецца колькасьць грамадзкага транспарту. Як паведамілі ў «Кіеўпастрансе», цяпер кожныя тры месяцы мабільныя групы вывучаюць агульны пасажырапаток. Але колькасьць транспарту рэгулююць у залежнасьці ад зваротаў грамадзян. У наступным годзе плянуецца ўкараніць электронны квіток і, магчыма, тады будзе вызначаная такая формула.

Усяго ў Кіеве 322 аўтобусы, 178 маршрутак, 393 тралейбусы (у рэзэрве 15), 278 трамваяў (у рэзэрве 68) і яшчэ мэтро.

У Рызе грамадзкі транспарт складаецца з аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў. Але такога нарматыву, які ёсьць у Меснку, ў іх няма.

«У нас электронная сыстэма квіткоў і па ёй мы бачым колькі людзей у транспарце. І калі лічба пасажыраў максымальная, тады мы павялічваем колькасьць транспарту ці рэйсаў. Таксама ў нас ёсьць сродкі, якія разьлічваюць колькасьць пасажыраў, якія заходзяць у транспарт. І калі людзей у транспарце больш, чым месцаў, тады мы павялічваем колькасьць рэйсаў. У нас ёсьць толькі адзін нарматыў, што нам неабходна абавязкова выканаць 98% рэйсаў», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў Рыскім прадпрыемстве грамадзкага транспарту.

У мэрыі Масквы на пытаньне не адказалі. А ў самакіраваньні Вільні Свабодзе паведамілі, што ў сталіцы Літвы 1 тралейбус і 1 аўтобус прыходзяцца на тысячу жыхароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG