Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гішпанка, якую забралі зь дзіцячага дому ў часы Франка, заплаціць штраф за абвінавачаньне супраць манашкі


Франсыска Франка і ягоная жонка на парадзе ў Гішпаніі ў 1943 годзе

Гішпанскі ўрад адхіліў просьбу аб памілаваньні Асэнсьён Лёпэс — суд прызнаў яе вінаватай у паклёпе на манашку, якую яна назвала арганізатаркай яе нелегальнага ўдачарэньня.

У 2015 годзе гішпанскі суд вырашыў, што Асэнсьён Лёпэс мае выплаціць штраф 3 тысячы эўра і кампэнсацыю 40 тысяч эўра для манашкі Далёрэс Баэна за абвінавачаньні на яе адрас. У 2013 годзе Лёпэс заявіла для некалькіх газэтаў і ў эфіры некалькіх тэлеканалаў, што Баэна ў 1962 годзе забрала яе ад яе біялягічнай маці і прадала за чвэрць мільёна пэсэтаў (сёньня прыблізна 50 тысяч даляраў) свайму 67-гадоваму бязьдзетнаму дзядзьку, высокаму службоўцу рэжыму генэрала Франка ў горадзе Альмэрыя.

Паводле Баэны, яна ўзяла Лёпэс зь дзіцячага дому і ўдачарэньне адбылося згодна з законам. Лёпэс зьвяртала ўвагу суду, што ў дзіцячым доме, адкуль яе мелася забраць Баэна, знаходзіцца толькі акт ўдачарэньня, падпісаны манашкай, але няма ніякага дакумэнту, які пацьвярджаў бы адрачэньне ад Лёпэс яе біялягічнай маці. Суд вырашыў, што няма ніякіх доказаў для абвінавачаньня Баэны ў нелегальным удачарэньні, і прысудзіў Лёпэс да выплаты штрафу і кампэнсацыі.

Асэнсьён Лёпэс ня мае грошай на такія выплаты, а гэта значыць, што яе можа чакаць турэмнае зьняволеньне. Тысячы людзей падпісаліся пад пэтыцыяй аб яе памілаваньні.

У часы вайсковай дыктатуры генэрала Франсыска Франка ў Гішпаніі паводзілася масавая кампанія, калі дзяцей забіралі зь сем’яў зьняволеных альбо забітых рэспубліканцаў. Бацькам зьняволеных часам паведамлялі, што іх дзеці памерлі. Дзецям мянялі імёны і аддавалі іх на выхаваньне ў сем’і прыхільнікаў рэжыму. Адказным за гэтую праграму было Міністэрства юстыцыі, і яна адбывалася пры дапамозе каталіцкай царквы. Паводле розных крыніцаў, такіх дзяцей было ад 30.000 да 300.000

У 2008 годзе гішпанскі судзьдзя Бальтасар Гарсон заявіў, што гэтая праграма трапляе пад вызначэньне злачынстваў супраць чалавечнасьці і заклікаў расьсьледаваць такія выпадкі. Але пакуль што да суду дайшла толькі справа мадрыдзкага гінэколяга Эдуарда Вэлы, якога абвінавачвалі ў актыўным удзеле ў праграме. У лютым 2017 году яму прысудзілі штраф 465.000 эўра.

XS
SM
MD
LG