Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы на мэмарыял Першай усясьветнай вайны згубіліся ў «саюзнай дзяржаве»


Сымбалічная капліца з георгіеўскім крыжам у Смаргонях

11 лістапада 1918 году лічыцца афіцыйнай датай заканчэньня Першай сусьветнай вайны і шмат у якіх краінах адзначаецца як Дзень памяці загінулых.

Да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя кааліцыйнае супрацьстаяньне чатырох дзясяткаў дзяржаваў, на чале якіх стаялі Аўстра-Вугорская, Асманская, Германская і Расейская імпэрыі, лічылася самым крывавым у гісторыі чалавецтва — блізу 10 мільёнаў забітых і 22 мільёнаў пакалечаных.

На тэрыторыі Беларусі першым маштабным комплексам у памяць пра тагачасныя падзеі закліканы стаць Смаргонскі мэмарыял на лініі расейска-германскага супрацьстаяньня ў 1915–1917 гадах. Яго дамінантай — трыадзіная скульптурная кампазыцыя з асобных помнікаў: «Крылаты геній салдацкай славы», «Салдаты Першай усясьветнай» і «Ўцекачы».

Беларуская рэзэрва для войска імпэрыі

Смаргоні на пачэсную ролю выбраныя невыпадкова: гэта адзінае месца на ўсёй лініі фронту, змаганьне за якое, пачынаючы ад верасьня 1915 году, расьцягнулася ажно на 810 дзён. За амаль тры гады аблогі з абодвух бакоў загінулі тысячы салдатаў і афіцэраў, горад быў цалкам зруйнаваны. З 16 тысяч перадваенных насельнікаў бальшыня апынулася ў глыбокім расейскім тыле, назад вярнуліся крыху болей за 100 чалавек.

Парадны ўваход на алею
Парадны ўваход на алею

Паводле афіцыйных зьвестак, Расея за вайну страціла забітымі 2 мільёны вайскоўцаў, яшчэ каля 1 мільёну склалі ахвяры сярод цывільнага насельніцтва. Самае непасрэднае дачыненьне да той статыстыкі мелі і жыхары Беларусі.

Цягам чатырох гадоў больш за 800 тысяч мясцовых мужчын былі змабілізаваныя пад сьцягі імпэрыі, кожны дзясяты палёг за чужога «цара-бацюшку». Колькасьць прымусовых уцекачоў перасягнула 2 мільёны, блізу 60 тысяч загінулі ў дарозе падчас бамбаваньняў і абстрэлаў, памерлі ад голаду, холаду і хваробаў. На радзіму з эвакуацыі вярнуліся меней за 400 тысяч.

Цягам амаль стагодзьдзя гэтыя ахвяры заставаліся неўшанаванымі. Савецкая гістарыяграфія лічыла вайну «чужой», у падручніках на яе адводзілася ўсяго некалькі старонак. Пра крывавыя баталіі ды масавыя пахаваньні ўспомнілі толькі незадоўга да 100-годзьдзя пачатку Першай усясьветнай вайны.

Пастамэнты дагэтуль не абніцаваныя
Пастамэнты дагэтуль не абніцаваныя

Смаргоні пастанавілі мэмарыялізаваць да 1 жніўня 2014-га. За год да таго ў раёне Залатой горкі, аднаго з пунктаў найбольш жорсткага пазыцыйнага супрацьстаяньня варожых арміяў, пачалі зачышчаць пляцоўку. Аднак празь недахоп фінансаваньня да вызначанай даты тэрыторыя больш нагадвала тэатар ваенных дзеяньняў, чым месца ўшанаваньня. Каб не прысьпяшаць падзеі, вырашылі дачакаццца наступнай нагоды — 100-годзьдзя завяршэньня вайны 11 лістапада 2018-га.

Праўда, за прамінулы час актыўнасьці так і не паболела, а значыць, вельмі праўдападобна, што і чарговую круглую гадавіну мэмарыял сустрэне ў руінах.

Сьцяна памяці пакуль безыменная
Сьцяна памяці пакуль безыменная

Нараджэнец Смаргоншчыны, заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі Ўладзімер Церабун ад пачатку залучаны ў амбітны праект пад кіраўніцтвам скульптара Анатоля Арцімовіча. Кажа, што на этапе праектаваньня і вырабу асобных фрагмэнтаў працы фундаваліся зь бюджэту так званай «саюзнай дзяржавы». Але неўзабаве грошы скончыліся.

«Дамова была такая: большую частку дае „саюзная дзяржава“, а на Горадзенскі аблвыканкам кладзецца добраўпарадкаваньне, — кажа суразмоўца. — На той момант гаворка ішла пра 4 мільярды рублёў старымі. А як падбілі выніковы праект, сума падскочыла да 30 мільярдаў! Бо калі прасілі ў Масквы, каштарысу яшчэ не было. Проста ведалі, што набліжаецца дата, трэба рыхтавацца, і за ўмоўны арыентыр узялі мэмарыял памежнікам у Горадні. Ён каштаваў акурат 4 мільярды. Падумалі, для Смаргоні хопіць. Ідэя, прапанаваная Арцімовічам, можа і не выключная, але вельмі трапная і ўдалая. Яе ўхвалілі, зрушылі. Тады ж далучыўся я, шмат што было на маіх плячах...».

Расейская памяць за «саюзныя» грошы

«Саюзнае» фінасаваньне тлумачыць, чаму агульная стылістыка мае выразны расейскі ўхіл, а ня спробу замірэньня — у іншых краінах Эўропы ўжо даўно ня дзеляць загінулых на «сваіх» і «чужых». Нават назва мэмарыялу першапачаткова фігуравала як «Парк Перамогі», хоць «пераможцам» нейкі з бакоў можна назваць хіба ўмоўна.

Чыгунны кругляк з мапай лініі фронту
Чыгунны кругляк з мапай лініі фронту

Вынікам публічных абмеркаваньняў стала адмова ад практычна ўхваленай шыльды. Цяпер гэта «Мэмарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяньня ў Першую ўсясьветную вайну 1915–1917 гадоў у Смаргонях». Праўда, выглядае, што усё таго ж «саюзнага значэньня».

Над усім узвышаецца праваслаўная капліца з георгіеўскім крыжам, аналягічная выява выкладзена з тратуарнай пліткі пры ўваходзе на алею. Адзін з элемэнтаў трыптыху — «Салдаты Першай усясьветнай» — таксама прысьвечаны расейцам. Рысы беларускасьці можна разгледзець хіба ва «Ўцекачах».

Георгіеўскі крыж на ўваходзе
Георгіеўскі крыж на ўваходзе

У агульную зону таксама ўваходзяць бронзавая мапа баявых дзеяньняў, валуны з пазначэньнем асноўных этапаў смаргонскага эпізоду вайны, «сьцены памяці», на якіх будуць набітыя звыш 800 прозьвішчаў расейскіх вайскоўцаў і надпісы па-нямецку пра тое, што ў смаргонскай зямлі пахаваныя тысячы нямецкіх салдатаў і афіцэраў.

Але ўсё гэта ў будучыні, пакуль жа наведнікаў сустракаюць бэтонныя паўфабрыкаты — помнікі без аздобленых пастамэнтаў, сьцены бяз надпісаў, каляіны замест брукаванкі.

«На сёньня сытуацыя такая: сваіх грошай няма, зноў просім у „саюзнай дзяржавы“, — кажа Ўладзімер Церабун. — Але нават дзяржаўны сакратар Рапота мусіў прызнаць: надзвычай складана ідуць узгадненьні. Ёсьць беларуская заяўка на 250 мільёнаў расейскіх рублёў (дзесьці 4 мільёны даляраў ці 80 мільярдаў рублёў на нашы ранейшыя грошы). Сродкі нібыта ўхваленыя, засталося іх адтуль дастаць. Зноў жа, усё блытаецца ў дакумэнтах. То патрабуюць перарабіць каштарыс на іншы год, то аддзяліць тое, што адрасавана Берасьцю, і г.д. І вось дагэтуль ідзе бадзяга з паперамі. Нешта ня вельмі шмат імпэту ў Маскве».

Салдаты расейскай арміі
Салдаты расейскай арміі
Беларускія ўцекачы
Беларускія ўцекачы

Апроч таго, побач зь вёскай Хадакі на заходнім баку Смаргоняў, абапал шашы Менск — Вільня мусіла паўстаць другая частка комплексу. Гэта скульптурная кампазыцыя «Праклён вайне» — бронзавы салдат з узьнятымі да неба рукамі, які ўваткнуў вінтоўку штыхом у зямлю. Плюс заплянаваная мапа сьвету зь пералікам 38 дзяржаваў, якія высілкамі ваяўнічых імпэрыяў былі ўцягнутыя ў крывавую кампанію. Адрозна ад замарожанага мэмарыялу на вялейскім кірунку, тут працы нават не пачаліся.

«Няма чалавека, здольнага ўзяць на сябе адказнасьць, — тлумачыць скульптар Уладзімер Церабун. — У Смаргонях баяцца самастойна ўздымаць падобныя пытаньні, Горадня ня мае лішку ў бюджэце. Міністры культуры мяняюцца, не пасьпяваючы ўвайсьці ў курс справы; шчыра кажучы, нават ня ведаю пазыцыю новага кіраўніка ведамства — як ён да ўсяго гэтага ставіцца. Чакаем, што пасьля таго, як будуць выпраўленыя фінансавыя дакумэнты, Масква нешта адкажа больш уцямна. Можа што і выгарыць. Бо ў іншым выпадку на нешта спадзявацца не выпадае...»

Мядзьведзі ў перапынку паміж салдатамі

Пакуль праектанты не губляюць надзеі знайсьці ў Маскве грошы на завяршэньне маштабнай будоўлі, смаргонскі майстра Ўладзімер Церабун увечніў сябе ў іншай працы — скульптурнай кампазыцыі, прысьвечанай знакамітай «мядзьведжай акадэміі». Адлітыя з чыгуну «акадэмікі» ды калматыя гадаванцы школы дрэсаваньня, заснаванай яшчэ за Радзівіламі, занялі пачэснае месца ў гарадзкім парку. Адрозна ад патаснага, але нежывога мэмарыялу, вясёлая тройца хутка стала ўлюбёным месцам для дзяцей і дарослых.

«Выкладнікі» і выхаванцы «мядзьведжай акадэміі»
«Выкладнікі» і выхаванцы «мядзьведжай акадэміі»

Тым часам мясцовыя краязнаўцы сыходзяцца на думцы, што ўкладаньне мільёнаў даляраў у пампэзны комплекс — фінансавае марнатраўства. Вакол Смаргоняў мноства неідэнтыфікаваных пахаваньняў, якія трэба прывесьці ў належны стан, але выдаткі на гэтыя мэты не прадугледжаныя.

Нашмат лепшая сытуацыя зь нямецкімі магіламі, якімі апякуюцца дабрачынныя фонды Нямеччыны. Большая іх частка дагледжаная і пастаўленая на ўлік. А вось загінулымі расейцамі заняліся параўнальна нядаўна, дый тое збольшага намаганьнямі мастака Барыса Цітовіча. Яшчэ ў 1970-х ён зьехаў з жонкай зь Менску, атабарыўся пад Вялейкай і цяпер яны разам аднаўляюць зьвесткі пра вайскоўцаў царскай арміі, ставяць крыжы і ладзяць «аўтапрабегі памяці».

Схема мэмарыялізацыі Смаргоняў
Схема мэмарыялізацыі Смаргоняў

Разам з тым на ўсёй працягласьці ад Крэва да Смаргоняў і далей у бок Нарачы стаяць сотні германскіх бункераў. Бальшыня іх у добрым стане, пасьля давядзеньня да ладу яны маглі б стаць ня толькі напамінам пра падзеі 100-гадовай даўнасьці, але і пунктамі турыстычнага маршруту, цікавага для нашчадкаў кайзэраўскіх салдатаў і афіцэраў. Але ўсе прапановы музэефікацыі ўмацаваньняў натыкаюцца на прадказальны адказ — на такую раскошу дзяржаўных грошай няма.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG