Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Максім Танк і яго начальнікі. Чатыры эпізоды з 1939–1941 гадоў


Максім Танк і Любоў Скурко пражылі ў шлюбе больш за паўстагоддзя. З фондаў БДАМЛМ.
Максім Танк і Любоў Скурко пражылі ў шлюбе больш за паўстагоддзя. З фондаў БДАМЛМ.

Сяргей Макарэвіч

У савецкіх публікацыях пра жыцьцё Максіма Танка пэрыяд паміж верасьнем 1939-га і чэрвенем 1941-м апускаўся. Склалася меркаваньне, што гэта найменш варты ўвагі час. Маўляў, нічога сур’ёзнага не адбывалася. Насамрэч жа ўсё наадварот.

Эпізод І. Пількаўшчына-Вільня-Вілейка

Прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасьні 1939-га Максім Танк (Яўген Скурко) сустрэў у бацькоў у вёсцы Пількаўшчына. «Прыйшла ў хату гэта госьця, а я ад хваляваньня ня знаю, дзе яе пасадзіць, чым яе частаваць, з чаго пачаць гутарку», — запісаў ён у дзёньніку. Між іншым, гэта ж і дзень нараджэньня паэта — яму споўнілася 27. Падарунак на штыках.

Што ён робіць у гэтым часе? Дае парады, піша звароты ў «нашы» савецкія ўстановы, раззбройвае польскіх паліцыянтаў, ад якіх разжыўся на пісталет. Паэт у навакольлі — ці не галоўны народны, значыцца, зь сялян, камуніст. У тыя дні ён шчыруе ў сельскім камітэце. Але ўспомнілі пра яго і вышэй — у часовай савецкай адміністрацыі Віленскага краю. Прадстаўнік адміністрацыі Іван Клімаў выклікаў яго 10 кастрычніка ў Вільню. Меў для Скурко працу, а таксама клікаў для ўдзелу ў літаратурнай вечарыне ў тэатры «Лютня». Максім Танк там выступіў на адной сцэне з «пісьменьнікамі-ардэнаносцамі», як паведамляў газэтны анонс, Петрусём Броўкам і Пятром Глебкам, крытыкам Алесем Кучарам. І Танк чытаў: «Здарова, таварышы! Доўга чакалі // Мы вас і чакала ў няволі зямля. // Не раз углядаліся ў сінія далі, // Не раз выхадзілі да сонца на шлях!».

А. Жукаўскас, Я. Шутовіч, І. Каросас, М. Танк. Вільня, 1938 г. З фондаў БДАМЛМ.
А. Жукаўскас, Я. Шутовіч, І. Каросас, М. Танк. Вільня, 1938 г. З фондаў БДАМЛМ.

​Гэта «Свабодная песьня», першы верш, якім паэт адгукнуўся на падзеі 17 верасьня. Пасьля вечарыны былі пасядзелкі ў рэстаране «Штраль». Зь «пісьменьнікамі-ардэнаносцамі», з Рыгорам Шырмам, Любоўю Асаевіч. Атмасфэра была прыязнай. Пра арышты сярод віленскіх беларусаў яшчэ мала што ведалі. Ап’янелы ад уражаньняў, малады Яўген верыў, што цяпер будзе ўсім добра. Ён атрымаў прапанову застацца ў абласной газэце «Віленская праўда», яго нявеста Любоў Асаевіч меркавала падацца настаўнічаць.

Назаўтра, 11 кастрычніка, Танк разам зь Любай — на прыёме ў Івана Клімава ў часовай адміністрацыі краю. У партыйца на стале — Танкавы кнігі, гаворыць зь ім цёпла, па-прыяцельску. Але паэт яшчэ ня ведае, што ў сьвежым нумары «Праўды» надрукаваная Савецка-літоўская дамова аб перадачы Вільні і Віленскай вобласьці Літве. І толькі 13 кастрычніка Клімаў зноў выкліча Танка да сябе і распарадзіцца «выдаць мне 60 злотых на пераезд у Вілейку, куды праз 7–10 дзён і сам са сваім апаратам зьбіраецца перабрацца».

Зь Вільні паэт адправіўся да бацькоў у Пількаўшчыну, а Любу пакінуў у сваёй роднай сястры Веры ў вёсцы Сэрвач. Каб счакаць крыху да пераезду ў Вілейку, дзе нікога са сваякоў ня мелі. У Пількаўшчыне мясцовыя хлопцы хацелі вылучыць Танка кандыдатам на Народны сход у Беласток, але «нейкі палітрук», калі даведаўся пра яго сяброўства ў КПЗБ, параіў абраць кагосьці іншага.

Любоў Скурко (Асаевіч). Фота з заліковай кніжкі Беластоцкага пэдінстытута. 1940 г. З фондаў БДАМЛМ.
Любоў Скурко (Асаевіч). Фота з заліковай кніжкі Беластоцкага пэдінстытута. 1940 г. З фондаў БДАМЛМ.

У Вілейку Максім Танк прыехаў 25 кастрычніка 1939 году. Жыцьцё ў гэтым павятовым горадзе, за якім праз колькі тыдняў афіцыйна замацуюць статус абласнога, было неўладкаваным. Горад ня быў гатовы да наплыву вялікай колькасьці людзей. А ехалі сюды ня толькі новыя начальнікі са сьвітамі, але і бежанцы. Выпадкова Яўген сустрэў віленскіх сяброў, якія працавалі ў шпіталі. Да іх і падсяліўся: спаць даводзілася на стале. Падобнае становішча і ў Любы, якая таксама прыехала ў Вілейку. А ўжо праз некалькі дзён абое працуюць у абласной газэце «Вілейская праўда»: ён — літработнікам, яна — машыністкай. Іх непасрэдны начальнік, які таксама перабраўся зь Вільні, — Ізраіль Афэнгэйм.

Эпізод 2. Рэдактар, якога запісвалі ў «нацфашысты»

Ізраіль Афэнгэйм прыехаў у Вільню з Менску, фактычна з крэсла рэдактара галоўнай партыйнай газэты БССР «Звязды». Праўда, за пару месяцаў да выезду тое крэсла з-пад яго выбілі…

У 1930-х у газэце «Звязда» ледзь ня кожны год зьмяняліся рэдактары. Адных арыштоўвалі, іншых толькі здымалі. Рэдка хто сыходзіў сам. І намесьнікі станавіліся часова выканаўцамі абавязкаў адказнага рэдактара.

Адным з такіх ч.в.а. і быў Афэнгэйм. Ён прыйшоў у «Звязду» ў 1936-м. Адукацыя за плячыма была толькі хатняя. Затое партыйнага стажу хапала — з 1920 году.

Ён стаў загадчыкам аддзелу партжыцьця. Затым — намесьнікам рэдактара. Калі рэдактар Дзьмітры Юркоў у кастрычніку 1937-га страціў сваё крэсла, на намесьніка Афэнгэйма лягла адказнасьць за газэту. І доўга не чакаючы, ён напісаў у Маскву ліст-данос на Юркова (той быў расейцам, у Маскву і вярнуўся пасьля звальненьня). Маўляў, рэдакцыя «Звязды» непакоіцца, каб той не нарабіў чаго кепскага і ў сталіцы — чалавек жа ненадзейны.

Ізраіль Афэнгейм (здымак з надмагільнага помніка на Ўсходніх могілках у Менску).
Ізраіль Афэнгейм (здымак з надмагільнага помніка на Ўсходніх могілках у Менску).

Напісаў, але ня ведаў, што і сам быў пад пільным чэкісцкім вокам — на Афэнгэйма выбівалі даносы ў іншага экс-рэдактара «Звязды» Сьцерніна (кіраваў газэтай да Юркова).

Мікалая Сьцерніна ў чэрвені 1938-га арыштавалі. У ліпені 1939-га, як вызваліўся, ён напісаў заяву на 50 старонак у ЦК КП(б)Б на імя Панамарэнкі. Ліст-заяву назваў «Партыя павінна ведаць усё». Апісаў пра сфабрыкаваную справу супраць сябе як кіраўніка «ўсебеларускай нацфашысцкай арганізацыі», пра катаваньні і тое, на каго выбівалі сьведчаньні — Якуба Коласа, Афэнгэйма, Юркова.

Афэнгэйма не рэпрэсавалі. Відаць, меў заступнікаў у высокіх кабінэтах. А з пасады ўсё-ткі зьнялі. За іншае -за «шкодна зманціраванае клішэ» ў траўні 1939-га. Праз тую памылку ўвесь нумар канфіскавалі з друкарні. Але ўжо ў верасьні ён стаў адказным рэдактарам «Віленскай праўды». Праз пару тыдняў давялося пераяжджаць, і Афэнгэйм узначаліў «Вілейскую праўду» (хутка яна стала «Сялянскай газэтай»). Рэдагаваў ён абласную газэту з кастрычніка 1939-га па чэрвень 1940-га. Пры ім у рэдакцыю прыйшла таксама працаваць паэтка Натальля Арсеньнева. З Вілейкі паэтку і забралі чэкісты.

Адразу на павышэньне ці не адразу, але ў 1940-м Афэнгэйм узначаліў беларускае аддзяленьне Саюздруку. У вайну — у эвакуацыі. А ў вызвалены Менск вярнуўся адным з першых сярод цывільных — трэба было наладжваць сыстэму распаўсюду газэт. У 1948-м, як пачалася барацьба з гэтак званым касмапалітызмам, быў звольнены. Атрымаў месца начальніка вытворчага аддзелу ў Дзяржлітвыдаце, адкуль і пайшоў на пэнсію. Памёр у 1963 годзе.

Не засталося ад колішняга рэдактара і ўспамінаў. Не застаўся і ён ва ўспамінах сучасьнікаў.

Эпізод 3. Сацыялістычнае спаборніцтва за пасады

Калі Савецкі Саюз рыхтаваўся ўвесьці войскі ў Заходнюю Беларусь, то ня менш важным было пытаньне з кадрамі. Каго паставіць на чале новай адміністрацыі? Для Віленскага краю такім чалавекам кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка абраў Івана Клімава (ён тады быў дырэктарам партыйных курсаў пры ЦК КП(б)Б). Яго на чале групы партыйцаў накіравалі ў Полацак. Адтуль раніцай 17 верасьня разам з чырвонаармейцамі праз Глыбокае адправіліся на Вільню.

Іван Клімаў. Фота зь ягонай кнігі «Партизаны Вилейщины».
Іван Клімаў. Фота зь ягонай кнігі «Партизаны Вилейщины».

Як увайшлі ў горад, Клімаў скіраваўся ў абгавораны будынак пад адміністрацыю. Але здарыўся канфуз. Там ужо сядзеў іншы кіраўнік новай адміністрацыі — Якім Жылянін. Аказалася, што Панамарэнка загадзя рыхтаваў акурат Жыляніна, сакратара ЦК КП(б)Б па кадрах, на віленскае крэсла. І той прыехаў у горад іншым маршрутам (праз Маладэчна і Ашмяны) на некалькі гадзін раней. А сытуацыя з Клімавым была нейкай гульнёй.

Клімаў жа стаў падначаленым Жыляніна і на яго павесілі пытаньні «сацыяльна-палітычнай, культурна-асьветніцкай, агітмасавай работы Часовага ўпраўленьня».

Менавіта імя Клімава зьвязваюць з рэпрэсіямі супраць беларускай інтэлігенцыі Вільні. Успаміны пра яго пакінуў Марʼян Пецюкевіч. Ахарактарызаваў яго як бабніка, чалавека нізкай культуры, які зусім не гаварыў па-беларуску.

«Ён жадаў, каб як найхутчэй ператварыць шматнацыянальную Вільню ў „сталіцу Заходняй Беларусі“, але адначасова баяўся, каб беларусы, асабліва незалежніцкага напрамку, актыўна не ўключыліся ў акцыю па беларусізацыі Вільні і Віленскай вобласьці. Ён жадаў, каб мясцовыя беларусы, якія шчыра ўзяліся за працу, нідзе не карысталіся беларускай мовай…»

Якім Жылянін. Фота з кнігі І.Клімава «Далекое и близкое»
Якім Жылянін. Фота з кнігі І.Клімава «Далекое и близкое»

Між іншым, Клімаў мусіў бы быць удзячным Жыляніну, што апошні ўсё-ткі заняў галоўную пасаду. Той у віленскім крэсьле ўжо адразу аскандаліўся. Ды так, што Панамарэнка ў лістападзе 1939-га папрасіў вывесьці яго з ЦК КП(б)Б. «Ён дапусьціў там цэлы шэраг сур’ёзных памылак», — патлумачыў кіраўнік БССР на шостым пленуме ЦК. Жылянін пасьля заняцца Віленскага краю абвясьціў пра нацыяналізацыю зямлі, а мусіў падштурхнуць сялян саміх забіраць зямлю ў паноў і дзяліць яе.

У пачатку кастрычніка 1939-га ў Маскве вяліся перамовы зь літоўцамі аб перадачы ім Вільні. У самой Вільні тады знаходзіўся літоўскі консул. Жылянін па сваёй ініцыятыве параіў консулу вярнуцца ў Коўна — маўляў, не гарантуе яму бясьпеку. Калі пра тое даведаўся Панамарэнка, давялося тэрмінова залагоджваць пытаньне з дыпляматам.

Жыляніна ў выніку вывелі са складу ЦК. Панамарэнка рэкамэндаваў яго на менш высокія пасады. На кароткі час ён стаў начальнікам упраўленьня ў Вілейскім аблвыканкаме. Зрабіўся ўжо падначаленым Клімава. Праўда, пасьля кар’ера Жыляніна пайшла ўгару, але так і ня стала вышэйшай за Клімаву. Апошні быў намесьнікам старшыні Прэзыдыюма ВС БССР.

Эпізод 4. Уцёкі ў Беласток

У кастрычніку 1939-га, калі вобласьць «перавезьлі» ў Вілейку, Максім Танк стаў супрацоўнікам абласной газэты, а Іван Клімаў курыраваў ідэалягічныя пытаньні ў новай адміністрацыі. У пачатку 1940-га Клімаў вярнуўся ў Менск, але працягваў выконваць даручэньні ЦК Кампартыі па Вілейскай вобласьці. А ў кастрычніку 1940-га яго і ўвогуле прызначылі першым сакратаром Вілейскага абкаму. Адразу пасьля гэтага прызначэньня Максім Танк зьехаў у Беласток. Ці ўцёк?

Год, які Максім Танк правёў у Вілейцы, быў ці не самым складаным пэрыядам у ягоным жыцьці. Паэту давялося асвойваць журналісцкую прафэсію. Давалася гэта яму цяжка. Яго пасылалі на рэпарцёрскія заданьні, з якіх мусіў здаваць тэксты. Артыкулы яго «рэзаліся». «Ніяк я не магу ўлавіць нешта такое няўлоўнае, што дае газэтным нарысам другіх супрацоўнікаў зялёную дарогу на старонках нашай газэты, хоць ад іх мала што астаецца ў памяці», — скардзіўся ён у дзёньніках. Амаль не пісаліся і вершы — атрымліваліся агіткі. Але гэта было ня самым страшным.

Так, ледзь ня сталі ахвярамі новага рэжыму бацькі паэта. 8 кастрычніка 1940 году гаспадарку Івана Скурко аднесьлі да заможных. І бацькоў ужо «зьбіраліся вывезьці у Сыбір». Максім Танк кінуўся шукаць дапамогі. Заступіўся ж за сям’ю Скурко Пётр Калінін, які тады толькі пакінуў пасаду першага сакратара Вілейскага абкаму (на яго месца прыйшоў Клімаў) і быў членам ЦК Кампартыі Беларусі. 20 студзеня 1941-га з гаспадаркі Івана Скурко зьнялі кляймо кулацкай.

Білет Максіма Танка як сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР. З фондаў БДАМЛМ.
Білет Максіма Танка як сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР. З фондаў БДАМЛМ.

У 1939-м пагроза арышту навісла і над самім Танкам. Клімаву прыпісваюць складаньне сьпісаў на высылку беларускіх дзеячаў у Вільні. У Вілейцы ўсё магло паўтарыцца. Янка Брыль, сябра паэта, прыводзіў словы Клімава ў размовах з Арсенам Лісам і Анатолем Сідарэвічам (паасобку): «Я да гэтага цыбатага яшчэ дабяруся». Да Максіма Танка.

У пачатку сакавіка 1940-га, паводле ўспамінаў Натальлі Арсеньневай, яе разам з Максімам Танкам і Міхасём Машарам запрасілі ў Менск. Была сустрэча ў Саюзе пісьменьнікаў. А пасьля, як ішлі па вуліцы ў кампаніі з Алесем Кучарам, апошні зрабіў заўвагу Танку: «Ведаеце, не гаварыце так голасна па-беларуску, у нас гэта ня прынята». Клімаў акурат і не цярпеў мову…

І ўзьнікае пытаньне, ці ня быў пераезд з Вілейкі ў Беласток уцёкамі? Хаця і фармальныя прычыны для выезду былі таксама.

Натальля Арсеньнева і Максім Танк. Вільня, 1937 г. З фондаў БДАМЛМ.
Натальля Арсеньнева і Максім Танк. Вільня, 1937 г. З фондаў БДАМЛМ.

У Беластоку працавала аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў, што ў вачах Танка стварала перавагу гэтаму гораду. Сам жа паэт стаў супрацоўнікам абласной газэты «Вольная праца».

Пасьля пераезду Любоў Андрэеўна паступіла ў Беластоцкі пэдагагічны інстытут на літаратурны факультэт. Выглядае, што яна пачала навучальны год ледзьве не перад самай сэсіяй, але ўсе залікі і экзамэны здала. Дарэчы, яна паступіла ў «школу» ў Вільні яшчэ ў 1939-м. Але прыйшлі саветы і было не да вучобы. У Беластоку ж адразу пасьля першага курса грымнула вайна — і паставіла крыж на вышэйшай адукацыі.

… А зь Вілейкі Максім Танк усё-ткі вывез адзін, як найменей, пазытыўны ўспамін. У чэрвені 1940-га Яўген Скурко і Любоў Асаевіч пабраліся. Расьпісаліся толькі — сьвяткаваньня не было. І пражылі ў шлюбе 54 гады.

У тэксьце выкарыстаны дакумэнты з фондаў Нацыянальнага архіву Беларусі і Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG