Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малевіч пра гэта марыў». У Менску праходзіць выстава ЖЭС-арту


На адкрыцьці выставы «Адкрытае палатно»

Квадраты, якімі супрацоўнікі ЖЭСаў зафарбоўваюць надпісы і графіці на мурах будынкаў, можна разглядаць як мастацкую зьяву. ЖЭСаўскія малюнкі маюць шанцы стаць нацыянальнай адметнасьцю Беларусі. Пра ЖЭС-арт распавядае выстава «Адкрытае палатно», якая праходзіць у прасторы ОК16 у Менску.

ЖЭС-арт у Беларусі добра арганізаваны

У ліпені 2017 году рэжысэр Максім Швед пачаў здымаць дакумэнтальны фільм «Мастацтва ЖЭС-арту». У цэнтры праекту — мастак Захар Кудзін. Ён перамалёўвае прастакутнікі, якімі супрацоўнікі ЖЭСаў зафарбоўваюць надпісы, тэгі і графіці на мурах. Выстава «Адкрытае палатно» — фінальная частка праекту. Палотны на жэсаўскія матывы тут прэзэнтуюцца як аб’екты сучаснага мастацтва.

Адкрыцьцё выставы "Адкрытае палатно" ў прасторы ОК16 у Менску
Адкрыцьцё выставы "Адкрытае палатно" ў прасторы ОК16 у Менску

Максім Швед даўно цікавіўся ЖЭС-квадратамі. Калі ён вучыўся ў кінашколе Анджэя Вайды ў Варшаве, задумаў зрабіць дакумэнтальны праект пра ЖЭС-арт як пра невядомае вулічнае мастацтва.

Надпісы, тэгі і графіці прыбіраюць ува ўсім сьвеце. Сьцены мыюць, пескаструменяць ці цалкам перафарбоўваюць. А Беларусь адметная тым, што тут замалёўваюць толькі частку сьцяны — маленькія квадраты і прастакутнікі адпавядаюць плошчы непажаданага надпісу ці малюнку. Камунальныя службы моцна дбаюць пра чысьціню сваіх участкаў і замалёўваюць абсалютна ўсе надпісы.

Рэжысэр Максім Швед
Рэжысэр Максім Швед

«Гэта наш фэномэн, працяг нашай мэнтальнасьці „чысьціні і парадку“ ў візуальным выглядзе, — распавёў Свабодзе Максім Швед. — Ад такой простай рэчы, як чысьціня, можна дайсьці да палітыкі».

Беларусь сапраўды вылучаецца ЖЭС-артам, лічыць Гжэгаж Гартфель (Grzegorz Hartfiel), польскі апэратар, які ўдзельнічае ў праекце. Паводле Гартфеля, у Польшчы ЖЭС-арт не такі масавы і маляўнічы, як у Беларусі. Калі там хочуць прыбраць нейкі надпіс ці графіці, дык звычайна замалёўваюць мур цалкам.

Апэратар Гжэгаж Гартфель (Grzegorz Hartfiel)
Апэратар Гжэгаж Гартфель (Grzegorz Hartfiel)

«У Беларусі ЖЭС-арт больш складаны, ён вельмі добра арганізаваны, — кажа апэратар. — Усе гэтыя ЖЭС-ледзі больш старанна працуюць, эфэкт іхнае працы больш відавочны на вуліцах, чым у Польшчы. Некаторыя сьцены маюць шмат узроўняў колераў, яны ў пэўным сэнсе вельмі цікавыя».

Захар Кудзін у беларускім ЖЭС-арце бачыць мінімалістычны жывапіс. У гэтым праекце яго цікавіла акурат ня сэнсавая, а візуальная частка.

Мастак Захар Кудзін
Мастак Захар Кудзін

«Часам самыя плямы вельмі прыгожыя, — кажа Кудзін. — Ідзеш па шэрым горадзе, і цябе гэта бадзёрыць. Часам гэта нагадвае жывапіс сьветлавога поля. Малевіча можна прыгадаць, Марка Ротку. Гэта ж цікава. Глядзіш як на кампазыцыю, ацэньваеш».



ЖЭС-мастакі не разумеюць, што ствараюць супрэматычнае мастацтва

Максім Швед ня быў першым, хто пабачыў мастацкі складнік у ЖЭСаўскіх малюнках. Яшчэ ў 2002-2007 гадах Алег Юшко працаваў над сэрыяй фатаграфій, дзе ён здымаў пафарбаваныя квадраты на грамадзкіх будынках. У 2011 годзе мастацтвазнаўца з Нацыянальнага мастацкага музэю Вольга Архіпава дала навуковую назву гэтай зьяве — фундамэнтальны супрэматызм, ці фупрэматызм.

«Гэта ня нейкі мастацкі стыль, а сацыяльная мастацкая зьява, — тлумачыць Свабодзе Вольга Архіпава. — Мы яго так назвалі, бо ведаем, чаго хацеў Малевіч у свой час. Ён марыў, каб усе гарады і вёскі былі ўпрыгожаныя супрэматычнымі кампазыцыямі. І абсалютна адвольна гэта здарылася ў XXI стагодзьдзі. З асаблівым тэмпэрамэнтам і ў вялікай колькасьці».

Мастацтвазнаўца Вольга Архіпава
Мастацтвазнаўца Вольга Архіпава

Паводле Архіпавай, фупрэматызм у Беларусі зьявіўся ў 1980-я гады — з пачаткам перабудовы. Калі ў БССР зьявілася свабода слова і дэмакратыя, людзі пачалі выказвацца на сьценах. А супрацоўнікі ЖЭСаў замалёўвалі іхныя надпісы і лёзунгі. Сама Вольга Архіпава назірала за ЖЭСаўскімі квадратамі каля 30 гадоў. У арцы дому на вуліцы Багдановіча, дзе яна жыве, безупынна зьяўляліся надпісы, якія потым зафарбоўвалі.

«Арка натхніла мяне на стварэньне гэтага тэрміну, — кажа Архіпава. — Мы проста дома з мужам, абмяркоўваючы, што мы бачым кожны дзень, вырашылі, што Беларусь — радзіма супрэматызму і ўсё ў ёй супрэматычна».

Мастацтвазнаўца ставіцца да ЖЭС-арту выключна як да сацыяльнай зьявы. На яе думку, нельга казаць пра аўтарскі стыль розных квадратаў.

«Почырк ЖЭСаўцаў немагчыма вызначыць, бо яны не мастакі. Яны прыходзяць і парадкуюць сьцяну. Яны не разумеюць, што ствараюць супрэматычнае мастацтва».

Меркаваньне мастацтвазнаўцы пацьвярджаюць самыя працаўнікі ЖЭСу. На выставу ў ОК16 прыйшлі дзьве маляркі, якія ўдзельнічалі ў праекце. Яны акурат зафарбоўваюць надпісы на сьценах у Цэнтральным раёне Менску. Зінаіда Віктаровіч працуе маляркай 17 гадоў. Але дасюль яна ніколі ня ставілася да сваёй працы як да мастацтва.

Зінаіда Віктаровіч (зьлева) і Іна Краўчанка
Зінаіда Віктаровіч (зьлева) і Іна Краўчанка

«Гэта для нас было будзённа, — кажа Зінаіда Віктаровіч. — А потым, калі мы ўжо сюды прыйшлі (на выставу — РС), зусім па-іншаму глядзіцца. Вось гэтая заля невялікая выклікае іншае адчуваньне, іншыя эмоцыі. Сапраўды мастацтвам можа палічыць! Але калі мы заўтра прыйдзем на працу і распавядзем пра гэта, нас спытаюць, ці мы не зусім ужо».


ЖЭС-квадраты могуць стаць новым нацыянальным знакам

ЖЭС-арт мог бы стаць нацыянальным знакам Беларусі, лічыць куратарка выставы «Адкрытае палатно» Ілона Дзяргач.

«Беларуская культура — яна такая. Мы нешта робім, а пасьля ўсё змываем. Гэта нябачная штодзённасьць, на якую трэба зьвяртаць увагу», — кажа Дзяргач.

Ілона Дзяргач, куратарка выставы "Адкрытае палатно"
Ілона Дзяргач, куратарка выставы "Адкрытае палатно"

На яе думку, ЖЭС-арт — гэта яшчэ не асэнсаваная зьява. Ужо дзесяць год, як зьявілася сэрыя фатаграфіяў Алега Юшка пра фупрэматызм. У 2014 годзе быў прэзэнтаваны праект Сяргея Гудзіліна «No words» падчас выставы «Zabor». Супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музэю зафарбавала бел-чырвона-белы сьцяг на фатаздымку, як гэта робяць супрацоўнікі ЖЭСаў. Але ЖЭС-арт пакуль так і ня трапіў у поп-культуру.

«Вельмі здорава, што хлопцы зьвярнулі ўвагу на гэта, — кажа Ілона Дзяргач. — Можа, празь іхны фільм на гэты фэномэн зьвернуць увагу. Гэта ж слуцкія паясы на новы лад. Трэба папулярызаваць ня толькі нацыянальны арнамэнт, але і іншыя рэчы з нашай штодзённасьці браць».

Воля Чайкоўская, беларуская прадусарка праекту, распавядае, што постсавецкая экзотыка даволі папулярная за мяжой. Напрыклад, здымаецца праект, для якога данцы і немцы езьдзяць па краінах былога Савецкага Саюзу і фатаграфуюць старыя аўтобусныя прыпынкі. Выкладзеныя мазаікай, зробленыя ў выглядзе касьмічных станцыяў — такія аб’екты зьдзіўляюць свёй недарэчнай веліччу і незразумелыя чалавеку, які ніколі ня меў дачыненьня да савецкай эстэтыкі ў побыце. А таму ЖЭС-арт, лічыць прадусарка, мог бы стаць адметнасьцю Беларусі.

Воля Чайкоўская, прадусарка праекту
Воля Чайкоўская, прадусарка праекту

«Ня толькі ж змагацца за захаваньне брэнду Янкі Купалы і Якуба Коласа, нейкіх гістарычных рэчаў, — кажа Воля Чайкоўская. — Тут цудоўным прыкладам можа быць тое, што робяць у галіне нацыянальнага брэндынгу скандынаўскія і балтыйскія дызайнэры. Бізнэс-ідэяў можа быць шмат».

Партнэрамі выставы выступілі прастора ОК16 на вуліцы Кастрычніцкай, 16, дзе і прадстаўленыя ЖЭС-палотны, а таксама праект «Арт-Беларусь». Трапіць на выставу можна да 12 лістапада ўключна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG