Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве людзі пратэстуюць супраць ліквідацыі міні-рынку «Прыдарожны»


Ілюстрацыйнае фота. 2016 год. Прадпрымальнікі аднаго з магілёўскіх рынкаў.
Ілюстрацыйнае фота. 2016 год. Прадпрымальнікі аднаго з магілёўскіх рынкаў.

Індывідуальныя прадпрымальнікі і жыхары дамоў па вуліцы Чалюскінцаў сабралі больш за тысячу подпісаў супраць зносу міні-рынку «Прыдарожны».

Міні-рынак быў пабудаваны каля сямі гадоў таму гарадзкімі ўладамі за кошт прадпрымальнікаў, якія гандлявалі там. Паводле слоў гандляроў і мясцовых жыхароў, якія сабраліся 9 лістапада на рынку, цяпер на яго месцы, згодна з генэральным плянам Магілёва, плянуецца зрабіць аўтамабільную стаянку побач з крамай «Белмаркет».

Прадпрымальнікам прапанавалі арганізаваць «цывілізаваны гандаль» на першым паверсе аднаго з трох дамоў, якія будуць пабудаваныя побач на вуліцы Чалюскінцаў.

Як паведаміў агенцтву БелаПАН прадпрымальнік Сяргей Зайцаў, які пачаў сход, подпісы супраць зносу міні-рынку былі сабраныя ў кастрычніку, і адказ на зварот, накіраваны ў Магілёўскі гарвыканкам, чакаецца 19 лістапада. Ён таксама сказаў, што прадстаўнікі міні-рынку неаднаразова наведвалі кіраўніцтва гораду, і першапачаткова ім было абяцана ня зносіць аб’ект, на якім гандлююць 52 прадпрымальнікі і працуюць 150 чалавек. «Аднак, калі апошнім разам мы прыйшлі на сустрэчу да старшыні гарвыканкаму Цумарава, гаворка пайшла па-іншаму. Ён сказаў, што генэральны плян зацьверджаны і мяняць яго ніхто ня будзе», — паведаміў прадпрымальнік.

У той жа час, сказаў ён далей, «дыялёг пакуль яшчэ ёсьць, яны да нас прыслухоўваюцца, глядзяць настроі людзей».

Іншыя ўдзельнікі сходу былі настроеныя менш аптымістычна адносна разуменьня іх праблемы гарвыканкамам.

«Далейшыя дзеяньні: напэўна, яшчэ раз паспрабуем запісацца на прыём да кіраўніцтва гораду. Скажам, што не настолькі багатыя ў нас прадпрымальнікі, каб кожны па краме пабудаваў», — заявіў Сяргей Зайцаў.

Карэспандэнту агенцтва БелаПАН атрымаць камэнтар у Магілёўскім гарвыканкаме адносна зносу міні-рынку не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG