Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін не разумее па-татарску


Татарская буквар і партрэт прэзыдэнта Пуціна ў адной са школаў Татарстану.

8 лістапада дэпутаты Дзяржаўнага савету Татарстану абмяркоўваюць далейшы лёс выкладаньня ў школах рэспублікі татарскай мовы.

Спроба рэгіянальнага міністэрства адукацыі і навукі пакінуць з 1 па 9 клясы дзьве гадзіны абавязковай татарскай мовы на тыдзень сутыкнулася з процідзеяньнем пракуратуры Татарстану. Разам з тым у Казані незадаволеныя бацькі ўжо пачалі зьвяртацца ў суд з патрабаваньнем кампэнсацыі маральнай шкоды за «прымус» вывучаць татарскую мову ў мінулыя гады.

Да 1 сьнежня ўлады Татарстану павінны выканаць даручэньне Ўладзіміра Пуціна і давесьці аб’ём вывучэньня расейскай мовы да ўзроўню, які рэкамэндуе Міністэрства адукацыі і навукі Расеі. Акрамя таго, прэзыдэнт Татарстану Рустам Мініханаў павінен пракантраляваць, каб вывучэньне нацыянальнай мовы ў школах праходзіла выключна на добраахвотнай аснове паводле выбару бацькоў, як гэтага патрабуюць фэдэральныя ўлады.

Татарская рэдакцыі Свабоды паведамляе, што ўлады Татарстану падрыхтавалі новыя адукацыйныя праграмы выкладаньня татарскай мовы. Гаворка ідзе пра «Мэтадычныя рэкамэндацыі з прыкладнымі варыянтамі навучальных плянаў для адукацыйных арганізацый Рэспублікі Татарстан, якія рэалізуюць праграмы пачатковай агульнай, асноўнай агульнай і сярэдняй агульнай адукацыі». У Міністэрстве адукацыі і навукі меркавалі, што татарская мова застанецца абавязковай у колькасьці дзьве гадзіны на тыдзень для вучняў 1-9-х клясаў, яшчэ 2-3 гадзіны роднай мовы і літаратуры плянавалася перавесьці на факультатыўную аснову, а ў старэйшых клясах рэкамэндавана зрабіць вывучэньне татарскай мовы і літаратуры добраахвотным.

Ці пра гэта хацелі паведаміць улады Татарстану на сэсіі Дзяржсавету — невядома, аднак рэакцыя рэспубліканскай пракуратуры рушыла ўсьлед неадкладна. У наглядным ведамстве «падчас юрыдычнага аналізу» рэкамэндацый Мінадукнавукі рэспублікі прыйшлі да высновы, што «усталяваньне ў якасьці абавязковай для вывучэньня дзяржаўнай мовы рэспублікі на момант выданьня рэкамэндацый не адпавядае закону і фэдэральным адукацыйным стандартам, вызначаным Міністэрствам адукацыі і навукі Расеі».

Яшчэ ў ліпені прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, выступаючы ў Яшкар-Але на пасяджэньні савету па міжнацыянальных адносінах, заявіў, што «прымушаць чалавека вывучаць мову, якая роднай для яго не зьяўляецца, гэтак жа недапушчальна, як і зьніжаць узровень выкладаньня расейскай мовы». Тады ж Пуцін даручыў Генэральнай пракуратуры правесьці праверку добраахвотнасьці вывучэньня нацыянальных і дзяржаўных моў у школах нацыянальных рэгіёнаў.

Згодна з Канстытуцыяй Татарстану, у рэспубліцы дзьве дзяржаўныя мовы — расейская і татарская. З 1990-х гадоў яны вывучаюцца ў тутэйшых школах у роўных абʼёмах. Аднак пасьля заявы Ўладзіміра Пуціна ў кастрычніку школы Татарстану сталі атрымліваць распараджэньні рэгіянальнай пракуратуры з патрабаваньнем выключыць татарскую мову з абавязковай праграмы і пераводу яго ў факультатыў. На думку прадстаўнікоў нагляднага ведамства Татарстану, расейская мова выкладаецца ў школах у недастатковых абʼёмах. Пасьля гэтага адукацыйныя ўстановы пачалі карэкціроўку навучальных плянаў.

У многіх школах вырашылі замяніць татарскую мову прадметам «родная мова ці літаратура», а бацькам прапанавалі самастойна вырашыць, якую мову будуць вывучаць іх дзеці ў якасьці роднай. Па дадзеных «Камітэту расейскамоўных бацькоў Татарыі» — супольнасьці ў сацсетцы «Вконтакте», удзельнікі якога выступаюць за ўвядзеньне добраахвотнага вывучэньня татарскай мовы, — на пачатак кастрычніка было пададзена ня менш 2800 заяваў бацькоў, якія запатрабавалі ў дырэктараў школ адмяніць абавязковае выкладаньне татарскай мовы. Афіцыйных дадзеных па гэтым пытаньні на дадзены момант няма.

Улады Татарстану на працягу трох месяцаў захоўвалі маўчаньне ў пытаньні абавязковага выкладаньня татарскай мовы. Толькі 26 кастрычніка на сэсіі Дзяржсавету Татарстану прэзыдэнт Рустам Мініханаў заявіў, што «мы зайшлі занадта далёка і вярнуліся ў 90-я гады», пасьля чаго задаў пытаньне, «як можна было зрабіць так, каб грамадзтва падзяліць?»

— Ці спэцыяльна гэта так робіцца, каб у Татарстане было дрэннае стаўленьне да нашага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна? — задаўся пытаньнем Мініханаў. У той жа дзень Татарстанскае аддзяленьне партыі «Яблоко» распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім назвала «непрымальнымі» яго выказваньні аб удзеле настаўнікаў у выбарах.

26 кастрычніка перад сэсіяй Дзяржсавету некалькі дзесяткаў актывістаў сабраліся каля будынка парлямэнту. Яны выканалі неафіцыйны гімн татарскага народу «Туган тэл» ( «Родная мова») і раздалі татарскую азбуку дэпутатам рэспубліканскага парлямэнту.

Цалкам артыкул можна прачытаць на сайце рускай службы Свабоды.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG