Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа прызначыў дзьвюх жанчын на важныя пасады ў Ватыкане


Плошча Сьвятога Пятра і аднайменны сабор у Ватыкане.
Плошча Сьвятога Пятра і аднайменны сабор у Ватыкане.

7 лістапада папа Францішак прызначыў двух падсакратароў Дыкастэрыі ў справах сьвецкіх, сям’і і жыцьця. Імі сталі італьянкі Гарбыэла Гамбіна і Лінда Гізоні.

Першая будзе працаваць у сэкцыі ў справах жыцьця, а другая — ў сэкцыі ў справах сьвецкіх вернікаў, паведамляе Ватыканскае радыё.

Габрыэла Гамбіна зьяўляецца спэцыялісткай у юрыспундэнцыі і біяэтыцы. У 2002 годзе яна была прызначаная навуковым экспэртам Нацыянальнага камітэту па біяэтыцы пры Савеце міністраў Італіі. У пэрыяд паміж 2013-2016 гадамі супрацоўнічала з Папскай радай у справах сьвецкіх і Папскай акадэміяй жыцьця. Займаецца дасьледчыцкай і выкладчыцкай дзейнасьцю на факультэтах філязофіі і права рымскага ўнівэрсытэту «Тор-Вергата», а таксама ў Папскім тэалягічным інстытуце навук аб сужэнстве і сям’і імя Яна Паўла ІІ. Зьяўляецца аўтаркай шматлікіх публікацый на тэму жыцьця, сужэнства і сям’і. Замужам, мае пяць дзяцей.

Лінда Гізоні спэцыялізуецца на філязофіі, тэалёгіі і кананічным праве Касьцёлу. Праходзіла падрыхтоўку пры Трыбунале рымскай роты і Кангрэгацыі Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў, пасьля чаго працавала ў гэтых ватыканскіх структурах, а таксама ў касьцельным судзе Рымскага вікарыяту. У пэрыяд паміж 2013-2016 гадамі супрацоўнічала з Папскай радай у справах сьвецкіх, вывучаючы пытаньні, зьвязаныя з роляй сьвецкіх вернікаў у Касьцёле. На дадзены момант зьяўляецца судзьдзёй Трыбуналу першай інстанцыі Рымскага вікарыяту, дацэнтам факультэту кананічнага права ў Папскім грыгарыянскім унівэрсытэце і дацэнтам юрыдычнага факультэту рымскага ўнівэрсытэту «Рома Трэ». Замужам, мае двое дзяцей.

Дыкастэрыя ў справах сьвецкіх, сям’і і жыцьця была заснаваная 15 жніўня 2016 году. Яна пераняла функцыі, які дагэтуль выконвалі дзьве Папскія рады: у справах сьвецкіх і ў справах сям’і. Узначальвае структуру амэрыканскі кардынал ірляндзкага паходжаньня Кэвін Джозэф Фарэл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG