«Мы патрабуем грунтоўнага расьсьледаваньня для выяўленьня вінаватых і прыцягненьня іх да адказнасьці, а таксама годнай рэакцыі ўлады для спыненьня гэтых нападаў і забесьпячэньня ўмоваў, каб нашы журналісты маглі бясьпечна і бяз страху выконваць сваю працу», — заявіў Том Кент.
Ён перакананы, што апошні напад меў мэтай запалохваньне і абмежаваньне працы журналістаў.
Сёньня пракуратура Кіеву пачала крымінальную вытворчасьць па факце перашкодаў працы здымачнай групы праграмы «Схемы». Галоўны рэдактарпраграмы Натальля Сядлецкая падкрэсьліла, што сьледзтву прыйдзецца даць ацэнку і бязьдзейнасьці работнікаў Нацыянальнай паліцыі, якія прысутнічалі падчас нападу, але стаялі ў баку і не ўмяшаліся.
Увечары 7 лістапада насупраць VIP-тэрміналу аэрапорту «Кіеў» блізу Жулянаў, калі туды прыляцеў прыватны борт лідэра арганізацыі «Украінскі выбар» Віктара Медведчука, ахоўнікі прадпрымальніка ўчынілі напад на здымачную групу праграмы журналісцкіх расьсьледаваньняў «Схемы» (сумесны праект Радыё Свабода і тэлеканалу «UA першы»).
Журналісты праекту «Схемы» рэгулярна робяць вострыя матэрыялы і сутыкаюцца з процідзеяньнем тых, хто ў аб’ектыў іх камэр трапляць не жадае.
З відэа, апублікаванага журналістамі, відаць, як ахоўнікі прадпрымальніка ў масках і балаклавах кінуліся да здымачнай групы і пачалі ўжываць сілу: штурхалі, білі локцямі, ставілі падножкі і некалькі разоў выбілі камэру з рук апэратара. Таксама ахоўнікі асьляплялі камэру спэцыяльным ліхтаром. Усё гэта адбывалася ў публічным месцы на вуліцы Мядовая, у VIP-тэрміналу.
На відэа таксама зафіксаваны картэж Віктара Медведчука, які адʼяжджаў ад тэрміналу. Падчас выезду ахоўнікі пабеглі да здымачнай групы, каб перашкодзіць здымкам, у гэты момант аўтамабілі Медведчука хутка пакінулі тэрыторыю аэрапорта.
Пры гэтым у VIP-тэрмінале знаходзіліся супрацоўнікі паліцыі. Яны ніякім чынам не паспрабавалі ўмяшацца ў гэты інцыдэнт. Гэта таксама зафіксавана журналістамі праграмы «Схемы».
Нацыянальны саюз журналістаў Украіны асудзіў напад на журналістаў.
Офіс Віктара Медведчука пакуль ніяк не камэнтуе інцыдэнт.
Віктар Медвядчук — украінскі палітык, які мае цесныя асабістыя сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным (Пуцін — хросны бацька дачкі Медведчука). Ён зьяўляецца сталым удзельнікам перамоваў, накіраваных на вырашэньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, якія вядуць украінскія ўрадавыя сілы і падтрыманыя Расеяй сэпаратысты.
Яшчэ ў 2016 годзе старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак пацьвярджаў, што Віктар Медвядчук у сувязі з гэтым пэрыядычна лётае на ўласным самалёце непасрэдна з Украіны ў Маскву, хоць у цэлым праз агрэсію Расеі супраць Украіны дзейнічае забарона на наўпроставыя авіяцыйныя зносіны паміж дзьвюма краінамі, якую наклаў Кіеў, а ў адказ і Масква.