Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотафакт. У цэнтры Вільні ўсталявалі мэмарыяльную дошку Якубу Коласу


Рабочыя ўсталёўваюць мэмарыяльную дошку ў гонар Якуба Коласа 8 лістапада. Фота Аляксея Патрыка

9 лістапада ў Вільні на будынку, у якім 110 год таму месьцілася рэдакцыя газэты «Наша Ніва», адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі ў гонар народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Пра гэта паведаміў прадстаўнік пасольства Беларусі ў Літве.

Мэмарыяльная дошка з надпісам на літоўскай і беларускай мовах «У гэтым будынку ў 1907 годзе жыў і працаваў народны паэт Беларусі (па літоўску — беларускі паэт. — РС) Якуб Колас» будзе адкрытая на будынку на скрыжаваньні вуліц Trakų (Троцкай) і Pylimo (Завальнай).

Будынак са статуямі атлянтаў, вядомы яшчэ з XV стагодзьдзя, належаў графам Тышкевічам. Яўстах Тышкевіч, стваральнік Лагойскага і Віленскага музэяў старажытнасьцяў, захоўваў тут частку сваіх археалягічных збораў.

У «доме пад балванамі» (г. зн. стодамі), як яго называлі ў народзе, дзейнічаў акруговы суд, дзе з 1884 да 1898 году працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч. А раней там зьбіраліся паўстанцы Каліноўскага.

З траўня 1907 да вясны 1908 году тут месьцілася рэдакцыя «першай беларускай газэты з рысункамі» — «Нашай Нівы». У памяшканьні рэдакцыі жыў і працаваў Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG