Найбольшую ўвагу прыцягнула перамога на выбарах губэрнатара ў штаце Вірджынія, дзе перамогу атрымаў цяперашні віцэ-губэрнатар Ральф Нортэм, які зрабіў крытыку прэзыдэнта Дональда Трампа і ягонай палітыкі асноўным тэзісам сваёй перадвыбарнай кампаніі. Нортэм набраў каля 54 адсоткаў галасоў, значна апярэдзіўшы рэспубліканца Эда Гілеспі, які выступаў за абмежаваньне іміграцыі і ў абарону канфэдэратыўных знакаў. Прэзыдэнт Дональд Трамп, заявіўшы, што Гілеспі правёў годную кампанію, паўшчуваў кандыдата за тое, што той больш рашуча ня выступіў у падтрымку палітыкі прэзыдэнта.
У штаце Нью-Джэрсі на зьмену губэрнатару-рэспубліканцу Крысу Крысьці прыйдзе дэмакрат Філіп Мэрфі, у мінулым адзін з кіраўнікоў інвэстыцыйнага банку Goldman Sachs. Крысьці, які адслужыў два тэрміны на пасадзе губэрнатара, больш ня мог вылучаць сваю кандыдатуру ў губэрнатары. Мала таго, ягоныя рэйтынгі да канца другога тэрміну ўпалі да 15 адсоткаў. З-за непапулярнасьці Крысьці ў рэспубліканскага кандыдата не было ніякіх шанцаў на перамогу ў Нью-Джэрсі.
У Нью-Ёрку на выбарах мэра другі раз запар перамог Біл дэ Блазіё, які стаў першым з канца 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя дэмакратам, абраным на другі тэрмін. Дэ Блазіё, апанэнтам якога была практычна невядомая нью-ёркцам сябра гарадзкой рады Ніколь Маліятакіс, паабяцаў увесьці больш памяркоўныя падаткі на домаўладальнікаў, пашырыць фінансаваньне дашкольнай адукацыі і павысіць падаткі на самых заможных жыхароў гораду для таго, каб павысіць інвэстыцыі ў абнаўленьне і разьвіцьцё нью-ёркскага мэтро.