Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі «бралі Зімні» і заклалі капсулу да 150-годзьдзя перавароту


7 лістапада ў Гомлі афіцыйна адзначалі стагодзьдзе бальшавіцкага перавароту. У тэатралізаванай рэканструкцыі мясцовыя ўлады імкнуліся аднавіць падзеі стогадовай даўніны.

З нагоды юбілею чальцоў вайскова-гістарычнага клюбу пераапранулі, далі амуніцыю матросаў, салдатаў, казакоў, узброілі музэйнымі вінтоўкамі ды кулямётамі «Максім» — і яны штурмам узялі палац Румянцавых-Паскевічаў.

На адным зь мітынгаў — каля Кургану славы на Рэчыцкім праспэкце — адкапалі капсулу часу з пасланьнем моладзі ХХІ стагодзьдзя. Яе заклалі 50 гадоў таму, падчас пабудовы гэтага мэмарыялу.

Былы фрэзэроўнік аб’яднаньня «Гомсельмаш» Рыгор Федарцоў, які ў ліку іншых гомельцаў цягаў пясок на курган насілкамі, з жалем успамінае:

«Усе, хто тут жыў побач, насыпалі гэты курган у 1966 годзе. Скажу, што гонар працоўнаму чалавеку тады быў значна большы, чым цяпер».

Капсулу на вайсковай машыне ў суправаджэньні браневіка даставілі на іншы мітынг, які зладзілі на плошчы Леніна.

Пасланьне агучыў вэтэран КПБ Цімафей Глушакоў:

«Мы перадаем вам эстафэту барацьбы і працы, нечуваных зьдзяйсьненьняў і грандыёзных перамог».

Новае пасланьне, напісанае па-расейску і прынятае аднагалосна ў драматычным тэатры на ўрачыстым паседжаньні з нагоды юбілею бальшавіцкага перавароту, зачытаў прадстаўнік БРСМ Мікалай Сьвятагор:

«Кожнае пакаленьне стварае сваю гісторыю і пакідае свой сьлед. Страціўшы ў гады Вялікай Айчыннай вайны кожнага трэцяга жыхара, мы навучыліся цаніць мір. Пацярпеўшы ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, мы шчыльна і досыць пасьпяхова заняліся пытаньнямі рэабілітацыі тэрыторыі і захаваньня экалёгіі. Мы адраджаем вёскі і будуем гарады. Мы асвойваем космас і віртуальную прастору. Мы ўвялі моду на здаровы лад жыцьця. Мы з удзячнасьцю клапоцімся пра людзей старэйшага пакаленьня і зь любоўю выхоўваем дзяцей. Мы імкліва рухаемся наперад. Мы, магчыма, апошнія рамантыкі сьвету».

Пасланьне будучым нашчадкам ўклалі ў нікеляваную «гільзу» і заклалі ў невялікую мураваную нішу тут жа, каля падножжа помніка Леніну. Ускрыць капсулу павінны ў 2067 годзе, у дзень 150-годзьдзя «кастрычніцкай рэвалюцыі».

Зь мітынгу на плошчы Леніна, дзе прысутнічала прынамсі тысяча гараджанаў, многія выправіліся ў парк па-над Сожам, каб пабачыць тэатралізаваны штурм палацу Румянцавых-Паскевічаў. Стралялі халастымі гарматамі, стракаталі кулямёты наперамену са стрэламі вінтовак. Ля ўваходу ў палац падалі салдаты — нават больш, чым падчас штурму Зімняга палацу ў Петраградзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG