Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў асуджаны да двух гадоў хатняй «хіміі»


Андрэй Арамнаў

Падставай стала паўторнае затрыманьне Арамнава за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане.

Такую інфармацыю сам Андрэй Арамнаў распавёў пачас эфіру тэлеканала «Белсат». Вядома таксама, што ён ня мае права выяжджаць за межы Барысава, дзе стала пражывае.

Спартсмэн паведаміў, што жыве за кошт вядзеньня блёгу ў інтэрнэце і здачы кватэры.

Спартовая кар’ера Андрэя Арамнава перапынілася некалькі гадоў таму. Зусім нядаўна ён зрабіў некалькі рэзанансных заяваў.

«Я даўно мэдыйная асоба ў Беларусі. У свой час у мяне была такая вядомасьць у краіне, што... калі б я пайшоў у прэзыдэнты, то за мяне прагаласавала б больш, чым за прэзыдэнта нашай краіны. Калі выбары сумленныя былі б... У мяне пачаліся праблемы з-за таго, што мяне пакрыўдзілі беларусы. Спачатку кіраўніцтва, потым перадало газэтчыкам», — сказаў Арамнаў у інтэрвію, апублікаваным на ягоным канале на відэапартале Youtube (цытаты пасьля 39-й хвіліны).

У 2010 годзе Арамнава на 5 гадоў пазбавілі права кіраваць транспартным сродкам і абавязалі выплаціць штраф у эквіваленце 3,5 тысячы даляраў. Тады, паводле міліцыі, Арамнава трэці раз за два гады затрымалі за рулём п’яным.

Арамнаў лічыўся прапаршчыкам адной з вайсковых частак унутраных войскаў, аднак за паводзіны, несумяшчальныя са статусам, быў звольнены.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG