Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гараджан на Гомельшчыне звозяць зьбіраць лён уручную


Ільняныя «конусы» каля вёскі Ляды

Ратаваць лён у гаспадарках Кармянскага, Буда-Кашалёўскага, Чачэрскага раёнаў цяпер спрабуюць аўральнымі «працоўнымі дэсантамі» з Гомлю ды саміх райцэнтраў. Мабілізуюць працаўнікоў прадпрыемстваў, школаў, навучэнцаў, курсантаў, дробных чыноўнікаў. Падганяюць аўтобусы- «гармонікі» — і мчаць за сотню кілямэтраў уручную падымаць лён, укладзены машыннымі церабілкамі яшчэ летам.

«Безадказнасьць нечуваная»

Паміж вёскамі Ляды і Бор Кармянскага раёну льняны палетак займае, найменей, сотню гектараў. Поле арандуе мясцовы льнозавод.

«Два дні запар, — кажа мясцовы жыхар Мікалай, — сюды прывозілі гамельчукоў падымаць лён. Паўдзесятка "аўтагармонікаў" тут стаялі. Дождж цярушыць, людзі мерзнуць. Сёньня нікога не прывозілі — зноў надвор’e няўстойлівае. Мы тут думаем, а тэхніка — яна дзе? То саляркі ў іх няма, то таго, то гэтага няма. Ад жніўня ляжыць лён — даўно пераляжаўся. Насенныя галоўкі пагнілі, паадвальваліся. У гніль ператвараецца саломка. Безадказнасьць нечуваная».

Паглядзець на «лёнавы пэйзаж» пад’ехалі на мікрааўтобусе чыноўнікі. Наперадзе на чорным джыпе — старшыня Кармянскага райвыканкаму Аляксей Ясонаў. Ніякіх камэнтароў раённы кіраўнік не дае, а толькі згадвае пра наступны крок у ратаваньні лёну: «Конусы» падсохнуць, расьсьцелем іх назад і будзем убіраць».

«Мы ўсе адубелі»

На гэтым полі ў ліку іншых «дэсантнікаў» шчыравалі й навучэнцы Гомельскага прафэсыйна-тэхнічнага каледжу народных промыслаў. Ім, як і ўсім іншым, тлумачылі: трэба падняць лён уручную, бо ён набрыняў дажджамі, і тэхніка яго «не бярэ».

Адна з навучэнак каледжу падзялілася са знаёмымі ўражаньнем ад аўральнага дэсанту:

«Не лён, а проста нейкае гнільлё. Пальчаткі прамоклі, вецер, морась, холадна — мы ўсе там адубелі».

Намесьніца дырэктара каледжу Алена Гатальская адмовілася камэнтаваць, хто менавіта загадаў паслаць навучэнцаў у Кармянскі раён. З дырэктарам вучэльні Аленай Аляксеенкай пагутарыць не было мажлівасьці — яе не было на працы. Кажуць, захварэла.

Рулоны ільнотрасты за Каменкай
Рулоны ільнотрасты за Каменкай

Дырэктара льнозаводу: «Усё ўбрана»

У апошнія гады Кармянскі льнозавод засявае лёнам-даўгунцом 3,5-4 тысячы гектараў. Дырэктар прадпрыемства Аляксандар Новік наадрэз адмаўляецца што-небудзь казаць пра ўборку лёну: «У нас усё убрана».
А вось Віталь Кудлянкоў, кіраўнік акцыянэрнага таварыства «Гомельлён», куды льнозавод уваходзіць як філіял, заклапочаны:

«Позна пасеялі, позна зьбіраем. На дзесятак дзён спазьніліся. А тут усё дажджы, дажджы. Нам бы дні два-тры добрага надвор’я! Дапамога з гораду напагатове, чакаюць каманды. Такое рашэньне прыняў аблвыканкам. У раёнах адказныя вызначаны. У кармянскай зоне трэба сабраць яшчэ 1,2 тысячы гектараў лёну, у зоне Уваравіцкага льнозаводу — каля двухсот гектараў».

На зьмярканьні па шашы ў бок Чачэрску і Кармы ў суправаджэньні аўтамашыны ДАІ ішла вялікая калёна трактараў з прэс-падборшчыкамі. Выглядае, што і пачатак наступнага тыдня многія вяскоўцы і гараджане сустрэнуць на ільняных палетках.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG