Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куртка без каўняра і вязаная шапка замест аблавухі — у войску выпрабуюць новую форму


У сьнежні 2017 году ў войска для пробнай эксплюатыцыі паступіць партыя новых узораў вайсковай формы, у тым ліку новыя зімовыя курткі, шапкі, папругі і чаравікі, паведаміў вайсковай газэце «Во славу Родины» начальнік 1-га аддзела рэчавага ўпраўленьня Мінабароны Сяргей Швед.

Паводле палкоўніка Сяргея Шведа, новыя зімовыя курткі замест каўняра са штучнага футра маюць флісавую стойку. Таксама куртка мае здымную падшпільку для ўцяпленьня, вырабленую з больш лёгкага матэрыялу, чым сама куртка. Замест звыклай зімовай шапкі-аблавухі новая форма прадугледжвае вязаную шапачку ахоўнага колеру, а чорную скураную папругу заменіць дзяга з тканіны, таксама ахоўнага колеру. Сяргей Швед паведаміў выданьню, што сярод новых элементаў вайсковай формы могуць быць таксама джэмпер з паўбавоўны і новыя зімовыя чаравікі з высокімі берцамі. Гэтыя элемэнты новага вайсковага адзеньня і абутку яшчэ вырабляюцца.

Са жніўня 2017 году ў некаторых вайсковых частках ужо праходзіць выпрабаваньне летняя вайсковая форма, пашытая з новай тканіны, у тым ліку курткі і фуражкі. Па выніках выпрабаваньня і пасьля ўнясеньня зьменаў у заканадаўства новая форма паступіць на забесьпячэньне ва Ўзброеныя сілы. Калі дакладна гэта адбудзецца, палкоўнік Сяргей Швед зь Міністэрства абароны Беларусі не паведаміў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG