Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы канвэер за «заклікі да несанкцыянавай акцыі». Справа № 2


Валер Мінец

Актывіст зь Ліды Валер Мінец атрымаў зь міліцыі пратакол, паводле якога ён нібыта заклікаў да несанкцыянаванай акцыі 8 верасьня ў Менску, чым парушыў артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Інтэрвію з Валерам Мінцом 5 верасьня зьявілася на сайце Беларускага нацыянальнага кангрэсу, пазьней яго словы былі працытаваныя сайтам «Хартыі97» і цяпер фігуруюць у міліцэйскім пратаколе. Пра справу актывіста зь Ліды паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Праваабаронцы зазначаюць, што яна нагадвае справу Ўладзімера Някляева, якога 1 лістападу асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту таксама нібыта за заклік да несанкцыянаванай акцыі. Уладзімера Някляева абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, паводле якога заклік да несанкцыянаванай акцыі забаронены. Пры гэтым, як адзначаюць праваабаронцы, адказнасьць за гэтыя дзеяньні ў КаАП яшчэ не прадугледжаная, адпаведныя зьмены толькі рыхтуюцца заканадаўцам.

Таксама ў словах Уладзімера Някляева, якія сталі прычынай адміністрацыйнага перасьледу, праваабаронцы ня ўбачылі закліку да акцыі. «Калі ёсьць воля змагацца за свае правы, трэба выходзіць і змагацца», — сказаў Уладзімер Някляеў напярэдадні Маршу абураных беларусаў 2.0. Аднак палітык не казаў, што будзе браць удзел у акцыі, і потым у ёй ня ўдзельнічаў.

Cуд над актывістам зь Ліды Валерам Мінцом адбудзецца ў суботу 5 лістапада аб 11 гадзіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG