Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у ЗША адхіліў просьбу Манафорта вызваліць яго ад хатняга арышту


Пол Манафорт пасьля першага слуханьня ў судзе, Вашынгтон, 30 кастрычніка 2017 году

Суд у ЗША адхіліў просьбу паліттэхноляга Пола Манафорта, былога старшыні выбарчай кампаніі Дональда Трампа, вызваліць яго ад хатняга арышту.

Таксама судзьдзя ў Вашынгтоне адхіліла аналягічную просьбу ягонага калегі Рычарда Гейтса, які праходзіць з Полам Манафортам у адной справе.

Абодва абвінавачаныя ў адмываньні сродкаў, атрыманых у ролі кансультантаў украінскай Партыі рэгіёнаў, яе лідэра, былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, а таксама пераемніка Партыі рэгіёнаў, «Апазыцыйнага блёку».

Яны заяўлялі, што рызыкі іх уцёкаў няма і што значны фінансавы заклад зьяўляецца дастатковай гарантыяй, што яны ня будуць ухіляцца ад далейшых судовых слуханьняў.

30 кастрычніка Акруговы суд Калюмбіі (ахоплівае сталіцу ЗША Вашынгтон) вызваліў абодвух затрыманых пад хатні арышт і заклад — для Манафорта ён склаў 10 мільёнаў даляраў, для Гейтса — 5 мільёнаў. Абодва не прызналі сябе вінаватымі ні па адным з абвінавачваньняў.

Раней 30 кастрычніка Міністэрства юстыцыі ЗША абнародавала выстаўленыя Манафорту і Гейтсу абвінавачаньні за ўсё 12 выпадкаў правапарушэньняў. Як гаворыцца ў абвінаваўчым акце, прысяжныя Акруговага суду Калюмбіі высьветлілі 27 кастрычніка, што Манафорт і Гейтс у пэрыяд з 2006 да 2015 году зарабілі ў выніку іх працы ва Ўкраіне дзясяткі мільёнаў даляраў і з мэтай утаіць гэтыя сумы на працягу 2006-2016 гадоў адмывалі іх праз шматлікія кампаніі, партнэрства і банкі ў ЗША і іншых краінах.

Пры гэтым, гаворыцца ў дакумэнце, абодва дзейнічалі як агенты ўраду Ўкраіны, Партыі рэгіёнаў, Януковіча, а пасьля яго ўцёкаў у Расею ў 2014 годзе — «Апазыцыйнага блёку», не задэкляраваўшы ў ЗША гэтую дзейнасьць і заробленыя ў выніку яе сродкі належным чынам, як таго патрабуе закон. Больш за тое, у адказ на запыт Міністэрства юстыцыі ЗША з гэтай нагоды ў 2016 годзе Манафорт і Гейтс адказалі «шэрагам ілжывых і зманлівых заяваў».

Увогуле празь іх афшорныя рахункі прайшло больш за 75 мільёнаў даляраў, гаворыцца ў дакумэнце. Зь іх Манафорт адмыў больш за 18 мільёнаў і выкарыстоўваў іх у ЗША, утаіўшы гэты даход ад дзяржаўных органаў. Гейтс перадаў з афшорных рахункаў на іншыя падкантрольныя яму рахункі 3 мільёны даляраў.

Сярод выстаўленых ім абвінавачваньняў — «змова супраць ЗША», змова з мэтай адмываньня грошай, утойваньне фінансавых дадзеных, нерэгістрацыя як агента замежнай дзяржавы, ілжывыя і падманлівыя заявы органам улады ЗША.

Таксама 30 кастрычніка Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала зьвесткі аб тым, што былы замежнапалітычны дарадца выбарчай кампаніі Дональда Трампа Джордж Пападопулас прызнаў, што схлусіў спэцагентам Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША пра свае стасункі з «пэўнымі замежнымі грамадзянамі, якія, як ён разумеў, мелі шчыльныя кантакты з галоўнымі расейскімі чыноўнікамі». Пры гэтым Пападопулас пайшоў на пагадненьне са сьледзтвам і прызнаў, што падчас таго апытаньня ў ФБР зрабіў ілжывыя паказаньні і ўтаіў істотныя зтьвесткі пра свае кантакты вясной 2016 году з такімі асобамі.

Гэтыя справы — першыя апублікаваныя вынікі расьсьледаваньня Міністэрства юстыцыі ЗША, якое з траўня вядзе спэцыяльны дарадца Робэрт Мюлер у справе, датычнай умяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2016 годзе і магчымай змовы тагачасных прадстаўнікоў выбарчай кампаніі Дональда Трампа з чыноўнікамі з Расеі. Аналягічныя ўласныя расьсьледаваньні таксама вядуць некалькі камітэтаў абедзьвюх палат Кангрэсу.

Трамп, рэагуючы на гэтыя паведамленьні 30 кастрычніка, зноў заявіў у Твітэры, што «ніякай змовы не было». Таксама прэс-сакратар Белага дому Сара Гакабі Сандэрс заявіла, што абвешчаныя абвінавачваньні ў дачыненьні да чальцоў выбарчай кампаніі Дональда Трампа ніяк ня тычацца гэтай кампаніі і ня сьведчаць ні пра якія сувязі гэтай кампаніі з Расеяй. Роля Пападопуласа, паводле яе, была «вельмі абмежаваная», а ён сам быў у той кампаніі «валянтэрам» і «не ажыцьцяўляў ніякай дзейнасьці як яе афіцыйны прадстаўнік».

Умяшаньне Расеі ў выбарчую кампанію 2016 году ў ЗША лічаць даказаным усе спэцслужбы ЗША, але, нягледзячы на ўсе шматлікія доказы, Масква і надалей адмаўляе гэта.

Таксама і Масква, і Трамп адмаўляюць незаконныя кантакты паміж сваімі прадстаўнікамі ў ходзе кампаніі ў ЗША.

Падчас той кампаніі Манафорт быў кіраўніком выбарчага штабу Трампа, але ў жніўні 2016 году быў вымушаны сысьці ў адстаўку менавіта з прычыны выкрыцьця ягонай працы ва Ўкраіне для Партыі рэгіёнаў і Януковіча: з аднаго боку, высьветлілася, што ён не зарэгістраваў гэтую працу ў ЗША, з другога боку, ва Ўкраіне выявілі дакумэнты так званай «чорнай бухгальтэрыі Партыі рэгіёнаў», зь якіх, у прыватнасьці, вынікала, што Манафорт неафіцыйна атрымліваў значныя сумы. Ва Ўкраіне абвінавачваньні ў дачыненьні Манафорта ў магчымых фінансавых злоўжываньнях не расьсьледавалі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG