Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гішпанскі суд мае выдаць ордэр на арышт былога кіраўніка Каталёніі


Карлес Пудждэмон на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 31 кастрычніка 2017

Вярхоўны суд Гішпаніі неўзабаве мае выдаць ордэр на арышт экс-кіраўніка Каталёніі Карлеса Пудждэмона, паведамляе Reuters.

З просьбай выдаць эўрапейскі ордэр на арышт гэтых асобаў зьвярнуліся сёньня да суду гішпанскія пракуроры.

Пудждэмон не зьявіўся ў судзе ў Мадрыдзе 2 лістапада, дзе пракуроры меліся дапытаць яго ў справе абвінавачаньняў у бунце, змове і нямэтавым выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў у сувязі зь яго роляй у каталёнскім рэфэрэндуме за незалежнасьць.

Адвакат Пудждэмона сказаў, што ягоны кліент, які 30 кастрычніка прыляцеў у Брусэль, не зьявіўся ў судзе, бо клімат для гэтага зьяўленьня быў «нядобры».

Дзевяцера іншых чальцоў рэгіянальнага каталёнскага ўраду зьявіліся на допыт у судзе. Васьмёра зь іх пракуроры загадалі ўзяць пад варту бяз права на звальненьне пад заклад. Аднаму зь іх далі права ўнесьці заклад.

Пакуль што кіраўнікам каталёнскага ўраду афіцыйна не былі выстаўленыя ніякія абвінавачаньні.

Гішпанія перажывае палітычны крызіс ад 1 кастрычніка, калі Каталёнія правяла рэфэрэндум аб незалежнасьці, які Канстытуцыйным судом Гішпаніі быў прызнаны нелегітымным.

Рэгіянальны парлямэнт Каталёніі ў Барсэлёне 27 кастрычніка прагаласаваў за незалежнасьць Каталёніі. У адказ Мадрыд распусьціў каталёнскі ўрад і парлямэнт ды заявіў пра правядзеньне новых рэгіянальных выбараў у сьнежні.

Эўрапейскі ордэр на арышт дзейнічае на тэрыторыі ўсіх дзяржаў-чальцоў Эўразьвязу. Заканадаўства аб Эўрапейскім ордэры на арышт прадугледжвае экстрадыцыю на працягу 90 дзён з дня арышту або на працягу 10 дзён, калі затрыманая асоба дае згоду на экстрадыцыю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG