Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін падтрымаў ядзерную ўгоду з Іранам і вітаў супрацоўніцтва з Тэгеранам у Сырыі


Сустрэча прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна зь вярхоўным лідэрам аяталом Алі Хамэнэі, Тэгеран, 1 лістапада 2017 году

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас афіцыйнага візіту ў Тэгеран 1 лістапада падтрымаў складзенае ў 2015 годзе ядзернае пагадненьне з Іранам і вітаў супрацоўніцтва з гэтай краінай у вырашэньні сырыйскага канфлікту.

Пуцін узяў удзел у трохбаковых перамовах паміж Азэрбайджанам, Іранам і Расеяй, асноўная ўвага была засяроджаная на паляпшэньні транспартных сувязяў і гандлёва-энергетычнага супрацоўніцтва паміж трыма прыкаспійскімі дзяржавамі.

Аднак тэма ядзернай угоды і грамадзянскай вайны ў Сырыі таксама была ў цэнтры ўвагі, паколькі Уладзімір Пуцін сустрэўся з прэзыдэнтам Ірану Хасанам Рухані і вярхоўным лідэрам аяталом Алі Хамэнэі, меркаваньне якога мае вырашальнае значэньне для ўсіх дзяржаўных пытаньняў.

Расея зьяўляецца адной з краінаў, якія падпісалі важнае ядзернае пагадненьне, згодна зь якім Тэгеран пагадзіўся скараціць сваю атамную праграму ў абмен на скарачэньне санкцый. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова пагражаў, што Злучаныя Штаты выйдуць з гэтай угоды, паколькі, на яго думку, Тэгеран парушае «дух» дамоўленасьцяў.

Усе астатнія ўдзельнікі пагадненьня — Эўразьвяз, Расея, Вялікая Брытанія, Кітай, Францыя і Нямеччына — заклікалі Трампа пазьбегнуць такога кроку. Пуцін таксама сказаў Хамэнэі, што Масква выступае супраць «любых аднабаковых зьменаў» ядзерных дамоўленасьцяў. Пуцін таксама ацаніў супрацоўніцтва з Іранам у Сырыі як «вельмі плённае», кажучы, што Масква і Тэгеран «умеюць каардынаваць пазыцыі ў сырыйскім пытаньні».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG