Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кобрыні з другой спробы асудзілі Алеся Меха за супраціў АМАПу


Аляксандар Мех у судзе, падчас першага разгляду справы. 16 жніўня 2017 году

Кобрынскаму грамадзкаму актывісту Алесю Меху прысудзілі 115 рублёў штрафу за непадпарадкаваньне дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі.

Судзьдзя Пётар Цімашэнка прысудзіў Алесю Меху штраф у памеры 5 базавых велічыняў (115 рублёў) за непадпарадкаваньне супрацоўнікам АМАП. Актывіст заявіў, што лічыць пастанову суду неправамернай і будзе яе абскаржваць.

«Але мы сабралі на будучыню ўсю базу доказаў іх злачынстваў. Нас са Зьмітром Чарніцкім затрымлівалі пасьля таго, як мы знайшлі праслухоўку ў ягонай кватэры. Затрымалі нас тады, каб пранікнуць у кватэру Чарніцкіх і прыбраць сьляды праслухоўкі. Бо што адбылося — яны прыкрылі адным злачынствам сваё другое злачынства. А судзьдзя прыкрыў іх», — апавёў Алесь Мех.

Архіўнае фота. На ім Алесь Мех паказвае разэтку, дзе ён выявіў праслухоўку
Архіўнае фота. На ім Алесь Мех паказвае разэтку, дзе ён выявіў праслухоўку

Алесь Мех і Зьміцер Чарніцкі былі затрыманыя раніцай 15 жніўня. На выхадзе з пад’езду Чарніцкага іх паклалі на зямлю АМАПаўцы, пасьля чаго даставілі ў РАУС і склалі на абодвух пратаколы за непадпарадкаваньне, а на Чарніцкага яшчэ і за брыдкаслоўе.

Алесь Мех лічыць, што іх «хапалі, каб за гэты час прыбраць у кватэры сьляды праслухоўкі». Паводле Меха, пакуль яны знаходзіліся ў пастарунку, фатаздымкі праслухоўкі зьніклі і зь іх мабільнага тэлефону.

Зьмітра Чарніцкага ў той дзень даставілі ў суд, дзе пакаралі 506 рублямі штрафу, а Алеся Меха судзілі на наступны дзень. Аднак, 16 жніўня Алесь Мех пакараны ня быў — судзьдзя Ала Богнат палічыла яго віну не даказанай.

12 верасьня Брэсцкі абласны суд адмяніў пастанову суда Кобрынскага раёна па выніках разгляду скаргі начальніка Кобрынскага РАУС.

Паўторны разгляд справы пачаўся ў судзе 19 кастрычніка, але Мех заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд супрацоўнікаў АМАПу, якія яго затрымлівалі. Суд задаволіў хадайніцтва і перанёс паседжаньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG