Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі плянуюць увесьці адміністрацыйную адказнасьць за лішнія сумы ў жыроўках


Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі плянуецца ўвесьці адміністрацыйную адказнасьць за лішнія сумы ў жыроўках, паведаміла карэспандэнту БелТА старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Натальля Гуйвік.

Законапраект «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях» ужо прыняты ў першым чытаньні. У працэсе падрыхтоўкі да другога чытаньня адміністрацыя прэзыдэнта прапанавала ўключыць у адзін з артыкулаў КаАП адказнасьць за выстаўленьне платы за асноўныя паслугі, якая перавышае іх рэальна аказаны аб’ём, паведамляе БелТА.

Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі падтрымлівае ініцыятыву дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў увесьці адміністрацыйную адказнасьць за налічэньне неабгрунтаваных плацяжоў за жыльлёва-камунальныя паслугі.

«Мы падтрымліваем дэпутатаў у гэтым пытаньні. Сапраўды, у таварыствах уласьнікаў былі выпадкі неабгрунтаванага налічэньня платы за дадатковыя жыльлёва-камунальныя паслугі без заключэньня дамовы. Паступалі скаргі ад насельніцтва, асабліва ў Менску. Далей гэта кампэтэнцыя мясцовага выканаўчага і распарадчага органу», — сказаў намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі​ Генадзь Трубіла карэспандэнту БелТА.

Намесьнік міністра таксама падтрымаў магчымасьць увядзеньня прыкметы паўторнасьці пры прыцягненьні да адказнасьці работніка ЖКГ за неабгрунтаваныя плацяжы. «Калі чалавек першы раз спатыкнуўся, памыліўся, яму выносіцца папярэджаньне», — дадаў ён.

Як камунальнікі на Гомельшчыне «раскінулі» перарасход электраэнэргіі па «жыроўках» людзей

Адным з прыкладаў лішніх сумах у «жыроўках» сталі нядаўнія вынікі праверкі камунальнікаў «Гомельскага райжылкамгасу», у выніку якой стала вядома, што ў 2015–2016 гадах і ў студзені–чэрвені 2017 году райжылкамгас перавысіў нормы расходу электраэнэргіі пры цепла- і водазабеспячэньні больш як на 350 тысяч КВт/г. Выдаткі (87 тысяч рублёў) уключылі ў кошт жыльлёва-камунальных паслуг, паведамляе БелаПАН.

Таксама ў камуналку грамадзян раскінулі яшчэ 7,4 тысячы рублёў, выдаткаваных на амартызацыю артэзіянскіх сьвідравін, якiя ўжо доўгі час не выкарыстоўваюцца прадпрыемствам, і суму 259 тысяч рублёў, выдаткаваную на перапампоўку і ачыстку падземных водаў ад грунтовых, якія трапілі у каналізацыйную сетку прадпрыемства празь яе дрэнны стан. Камунальнікі аднесьлі гэтую суму да кошту паслуг водаадвядзеньня.

Пасля ўмяшаньня Камітэту дзяржкантролю прадпрыемства вярнула ў бюджэт 80 тысяч рублёў. Разглядаецца пытаньне аб пакараньні датычных службовых асобаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG