Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзем інфармаваць Міжнародны ПЭН-клюб». Літаратары ўступіліся за Някляева


Уладзімер Някляеў у судзе. 1 лістапада

Рада Беларускага ПЭН-цэнтру выступіла з заявай у зьвязку з чарговай адміністрацыйнай справай супраць ганаровага старшыні арганізацыі Ўладзімера Някляева.

Палітыка і паэта будуць судзіць 1 лістапада ў Ленінскім раёне Менску. Яму выстаўлена абвінавачаньне ў нібыта закліку да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 21 кастрычніка.

У якасьці доказу ягонай «вінаватасьці» прыводзяцца цытаты з інтэрвію тэлеканалу «Белсат». На перакананьне сяброў Рады, падобныя абвінавачаньні ня маюць пад сабой юрыдычных падставаў з цэлага шэрагу прычынаў.

1. Канстытуцыя і заканадаўства Рэспублікі Беларусь ніяк не рэгулююць пытаньні ацэнкі, у тым лік прававой, любых выказваньняў прыватных асобаў у замежных СМІ.

2. У інтэрвію Ўладзімера Някляева тэлеканалу «Белсат» ад 16 кастрычніка не зьмяшчаецца ніякіх заклікаў да грамадзянаў удзельнічаць або ня ўдзельнічаць у якіх-небудзь мерапрыемствах. Ужытае ім паняцьце «беларусы» ня можа мець адпаведнай суб’ектнасьці.

3. Вышэйзгаданае інтэрвію чальца грамадзкай арганізацыі Ўладзімера Някляева можна расцэньваць выключна як экспэртнае выказваньне наконт сёньняшняй сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Рабіць такія выказваньні Канстытуцыя і нацыянальнае заканадаўства не забараняюць нікому.

Беручы пад увагу адзначанае, Рада Беларускага ПЭН-цэнтру лічыць, што выстаўленае спадару Някляеву абвінавачаньне ва ўчыненьні адміністрацыйнага правапарушэньня не абгрунтаванае і можа быць вынікам або недастатковай юрыдычнай кампэтэнтнасьці асобаў, якія мелі дачыненьне да складаньня пратаколу, або іх асабістай непрыязнасьці.

Калі адміністрацыйная справа ўсё ж будзе разглядацца ў судзе і мець сваім вынікам якое-небудзь пакараньне для спадара Някляева, літаратурнае аб'яднаньне пакідае за сабой права праінфармаваць пра гэты факт Міжнародны ПЭН-клюб з тым, каб яго экспэрты выказалі сваё стаўленьне да выкананьня Беларусьсю прынятых на сябе абавязаньняў у галіне свабоды выказваньняў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG