Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскай вобласьці праверылі сталовыя 388 школаў, пакаралі 309 службовых асобаў


Ілюстрацыйнае фота

Санэпідэмслужба Менскай вобласьці з 4 верасьня па 16 кастрычніка праводзіла пазаплянавыя апэратыўныя праверкі ўстановаў адукацыі па арганізацыі харчаваньня дзяцей.

Спэцыялісты санэпідэмслужбы ацанілі выкананьне санітарна-эпідэміялягічных нормаў у 388 школьных харчовых блёках. У выніку выяўленых парушэньняў прынятыя адміністрацыйныя меры ў дачыненьні да 309 службовых асобаў, у тым ліку да 140 кіраўнікоў, падрыхтавана 316 прадпісаньняў аб ліквідацыі парушэньняў.

Сярод тыповых недахопаў па выніках праверкі названыя:

  • невыкананьне санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму, абумоўленае чалавечым фактарам (напрыклад, невыкананьне рэжыму ўборкі памяшканьняў харчовага блёку, невыкананьне правілаў асабістай гігіены работнікамі, адсутнасьць умоваў для яе выкананьня);
  • не выконваюцца нормы харчаваньня, не праводзяцца пробы прыгатаваных страваў для вызначэньня якасьці прадукцыі;
  • выяўленыя парушэньні ў частцы бясьпекі харчовай сыравіны і прадуктаў (гаворка пра адсутнасьць дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць іх якасьць і бясьпеку, парушэньні ўмоваў захоўваньня прадуктаў).

Інфармацыйныя лісты аб выніках праверак накіраваныя ў раённыя аддзелы адукацыі, а таксама рай- і гарвыканкамы.

Раней Аляксандар Лукашэнка, выступаючы са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу 21 красавіка, калі казаў пра затрыманьне службовых асобаў на чале з начальнікам галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргеем Барысевічам, абурыўся карупцыйнай схемай, арганізаванай, паводле дадзеных КДБ, з удзелам Барысевіча, і выказаўся пра харчаваньне ў школах:

«Што атрымліваецца: у горадзе-героі Менску адкідамі дзяцей у школах корміце! У дзевяці раёнах дзевяць злачынных груп зьбіраюць падачкі з кухараў школьных і тых, хто забясьпечвае школьным харчаваньнем. У канвэртах грошы нягодніку зьбіраюць! (...) Вашыя ж дзеці і ўнукі ў школах гэтых сядзяць! Тое, што ўчора не выкарыстоўвалі, — перамалолі і дзецям назаўтра далі... », — сказаў тады кіраўнік дзяржавы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG