Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм пра «Народны альбом» пакажуць на кінафэстывалі «Лістапад»


Дакумэнтальную стужку Сяргея Будкіна і Яўгена Шапчыца «Ненаўмысны шэдэўр» можна ўбачыць упершыню на вялікім экране на 24-м міжнародным кінафэстывалі «Лістапад» 6 лістапада.

У межах адзінага паказу ў кінатэатры «Мір» адбудзецца таксама сустрэча са стваральнікамі «Народнага альбому», паведамляе tuzinfm.by.

Фільм «Народны альбом. Ненаўмысны шэдэўр» быў прэзэнтаваны ў ноч з 31 сьнежня на 1 студзеня 2017 году на тэлеканале «Белсат».

Трэйлер фільму:

Аўтары Сяргей Будкін і Яўген Шапчыц узяліся расказаць гісторыю самага значнага музычнага праекту ў найноўшай беларускай гісторыі, які быў зроблены сябрамі на чыстым энтузіязьме.

«Усе, хто меў дачыненьне да „Народнага альбому“, пасталелі. Лёс раскідаў іх па розных тусоўках і нават розных краінах. Ды і сяброўства таго ўжо больш няма. Шмат хто зь іх сумняваецца: а ці варта рэанімаваць тое, што было актуальна ў канцы 90-х? Некаторыя ж мяркуюць, што гэты праект — па-за часам, і цяпер, назапасіўшы досьведу, яны здольныя надаць яму другое дыханьне. Хто зь іх мае рацыю? Ці змогуць усе сабрацца разам? А калі змогуць, ці здолее новая пастаноўка паўтарыць посьпех папярэдняй? Каб адказаць на гэтыя пытаньні, мы вяртаемся ў той час, калі задумваўся праект, і праходзім з удзельнікамі 20-гадовы шлях ажно да падрыхтоўкі рымэйку на сцэне Падляскай опэры ў верасьні 2016-га», — кажуць стваральнікі фільму.

Фільм «Народны альбом. Ненаўмысны шэдэўр» уключаны ў пазаконкурсную праграму дакумэнтальнага кіно на міжнародным кінафэстывалі «Лістапад». На вялікім экране ён будзе паказаны ўпершыню 6 лістапада ў менскім кінатэатры «Мір».

Стужка доўжыцца каля 50 хвілінаў. Пасьля яе паказу заплянаваная сустрэча з удзельнікамі «Народнага альбому» ды міні-канцэрт Касі Камоцкай і Аляксандра Памідорава.

«Народны альбом» — канцэптуальны праект, што распавядае пра жыцьцё Заходняй Беларусі ў 1920-1930 гадах. Ён быў запісаны ў 1997 годзе ў былой студыі радыё «101,2» і стаў адной з найбуйнейшых культурных зьяваў незалежнай Беларусі.

Супольны праект зьявіўся дзякуючы Міхалу Анемпадыставу, якому належаць аўтарства ідэі і ўсіх тэкстаў. Вольскі разам з Анемпадыставым напісалі ў 1999 годзе аднайменную п’есу, што грунтуецца на пэрсанажах альбому. «Народны альбом» быў прызнаны найлепшым праектам году на «Рок-каранацыі» 1997 году, песьні зь яго, напрыклад «Край ты мой, край» і «Простыя словы», сталі гітамі.

На 20-годзьдзе «Народнага альбому» ў Менску ўдзельнікі праекту адыгралі вялікі канцэрт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG