Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах ушанавалі памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсій. ВІДЭА


Дзясятак жыхароў Баранавічаў зь ініцыятывы руху «За свабоду» прыбралі каля крыжа-помніка ахвярам камуністычнага тэрору, запалілі зьнічы, прачыталі вершы расстраляных паэтаў ды памаліліся за ўсіх забітых у часы камуністычнага рэжыму.

Адзін з удзельнікаў акцыі, актывіст прафсаюзу РЭП Рыгор Грык, мяркуе, што «рэпрэсіі, якія былі ў савецкі час, не перапыніліся і сёньня».

«Шмат сваякоў жыхароў Баранавічаў былі рэпрэсаваныя ў гэтым месцы, — кажа Рыгор Грык. — І мы кожную вясну і восень, шмат гадоў, ходзім сюды, каб добраўпарадкаваць тэрыторыю каля крыжа ды памаліцца за ахвяраў рэпрэсій. У кожнага народу ёсьць месцы, дзе людзі шануюць загінулых нявінных людзей».

Каля крыжа памаліліся за ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
Каля крыжа памаліліся за ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Грык лічыць, што чыноўнікі «павінны прыйсьці і пакаяцца перад гэтым крыжам». Прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Ўладзімер Болбат выказаў шкадаваньне, што ўлады і камунальныя службы мала ўдзяляюць увагі гэтаму мэмарыяльнаму месцу.

У часе акцыі актывісты прымацавалі да крыжа сымбалічны вянок з калючага дроту з уплеценай бел-чырвона-белай стужкай.

Зьнічы каля крыжа на месцы былой турмы НКВД у Баранавічах
Зьнічы каля крыжа на месцы былой турмы НКВД у Баранавічах

Акцыя адбылася без інцыдэнтаў, супрацоўнікаў міліцыі не назіралася.

Крыж-помнік з надпісам «Ахвярам гвалту 1939-1953» знаходзіцца ў Баранавічах на месцы, дзе ў сталінскія часы была турма НКВД «Крывое кола». Ён быў пастаўлены ў 1992 годзе ў цэнтры Баранавічаў, аднак празь некалькі гадоў таемна перанесены ў сквер — туды, дзе была турма.

Паводле зьвестак баранавіцкага дасьледчыка архіваў Аляксандра Татаранкі, у турме «Крывое кола» ў 1939-1949 гадах былі забітыя некалькі тысяч чалавек.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG