Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя падрабязнасьці забойства чачэнкі, якая ваявала за Ўкраіну


Аміна Акуева, архіўнае фота

Прэс-афіцэр батальёну імя Джахара Дудаева Аміна Акуева загінула ад раненьня куляй, якая трапіла ёй у галаву пры абстрэле іх аўтамабіля, паведаміў муж Акуевай, добраахвотнік Асмаеў, які з раненьнямі знаходзіцца ў шпіталі.

Як паведаміў Адам Асмаеў у інтэрвію выданьню LB.ua, іх аўто пачалі абстрэльваць на чыгуначным пераезьдзе, калі яны вярталіся ў Кіеў зь іншага рэгіёну. «Вакол мяне ўсё разьляталася», пасьля таго, як кулі трапілі ў машыну, расказаў ён.

Адам Асмаеў, архіўнае фота
Адам Асмаеў, архіўнае фота

«Я праехаў, колькі змог, таму што пацэлілі таксама ў рухавік, машына спынілася. Спрабаваў аказаць першую дапамогу, але ёй (Акуевай) папалі ў галаву», — сказаў Асмаеў.

Паводле Асмаева, абстрэл ён лічыць замахам на іх абаіх і бачыць у ім «расейскі сьлед». Таксама, сказаў Асмаеў, «расейскі сьлед» ён бачыць і ў выбуху, у выніку якога на днях пацярпеў народны дэпутат Украіны Ігар Масійчук (фракцыя Радыкальнай партыі).

Аўтамабіль, у якім былі Аміна Акуева і Адам Асмаеў, абстралялі з аўтаматычнай зброі, паведамілі прадстаўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Яраслаў Тракала і народны дэпутат Дзьмітры Лінько (фракцыя Радыкальнай партыі), які знаходзіўся на месцы нападу. Паводле іх, у Асмаева цяжкае раненьне нагі.

Сьпікер дадаў, што паліцыя Кіеўскай вобласьці зьбіраецца завесьці справу паводле 115 артыкулу Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (наўмыснае забойства).

Паліцыя Кіеўскай вобласьці заявіла, што шукае нападнікаў, якія расстралялі аўтамабіль. На тэрыторыі сталічнай вобласьці і суседніх рэгіёнаў уведзены апэратыўны плян «Сырэна».

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заклікаў да рашучага адказу на забойства Аміны Акуевай:

«Расея, працягваючы агрэсію на ўсходзе Ўкраіны, разгарнула тэрор у глыбокім тыле, зьнішчаючы мужных абаронцаў нашай краіны. Забойства Аміны Акуевай — гэта выклік краіне, на які павінен быць рашучы і адэкватны адказ», — напісаў ён у «Фэйсбуку».

А муфтый Духоўнага ўпраўленьня мусульман Украіны «Ума» Саід Ісмагілаў заклікаў даць Аміне Акуевай пасьмяротна званьне Героя Ўкраіны.

***

У выніку абстрэлу аўтамабіля на чыгуначным пераезьдзе ў Глявасе пад Кіевам 30 кастрычніка загінула мэдык Аміна Акуева, якая ваявала на ўсходзе Ўкраіны ў складзе чачэнскага добраахвотніцкага батальёну імя Джахара Дудаева. Яе муж Адам Асмаеў быў шпіталізаваны зь цяжкім раненьнем у нагу.

Народны дэпутат Украіны Ігар Масійчук, які на днях таксама стаў ахвярай выбуху ў Кіеве і знаходзіцца з раненьнямі ў бальніцы, паведаміў, што загінулая была ягонай памочніцай і яны дамаўляліся аб сустрэчы ў найбліжэйшыя дні.

Сёлета 1 чэрвеня на Акуеву і Асмаева напаў мужчына, які назваўся замежным журналістам. Тады ў выніку перастрэлкі Асмаеў атрымаў раненьні, а Акуева не пацярпела. У паліцыі заявілі, што асноўнай вэрсіяй нападу на Асмаева і Акуеву разглядаюць іх патрыятычную пазыцыю.

У лютым 2012 году Адама Асмаева затрымалі ў Адэсе праваахоўныя органы Ўкраіны паводле падазрэньня ў датычнасьці да выбуху ў адэскай кватэры. Сьледзтва таксама падазравала, што ён разам з саўдзельнікам рыхтаваў замах на Ўладзіміра Пуціна. Эўрапейскі суд у правах чалавека рэкамэндаваў Украіне не выдаваць Асмаева Расеі, пасьля чаго Ўкраіна вырашыла прыпыніць працэс экстрадыцыі.

19 лістапада 2014 году пасьля двух з паловай гадоў зьняволеньня яго вызвалілі з-пад варты.

У лютым 2015 году Асмаеў стаў камандзірам батальёну імя Джахара Дудаева, які ваяваў на баку войскаў Украіны на Данбасе.

Аміна Акуева, мэдык паводле адукацыі, была прэс-сакратаром батальёну.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG