Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуснафта» можа страціць кантракты на распрацоўку газавых радовішчаў ва Ўкраіне


Ілюстрацыйнае фота

Генэральная пракуратура Ўкраіны расьсьледуе справу ў дачыненьні службовых асобаў дзяржаўнага прадпрыемства «Укргазвидобування», якія абвінавачваюцца ў завалоданьні дзяржаўнымі сродкамі ў асабліва буйных памерах.

У прыватнасьці, сьледчыя пракуратуры перакананыя, што падчас правядзеньня тэндэраў на распрацоўку газавых радовішчаў у Палтаўскай і Харкаўскай абласьцях прадстаўнікі ўкраінскага прадпрыемства «ў змове са службовымі асобамі замежных кампаніяў» перавысілі вартасьць адпаведных працаў.

Сярод гэтых замежных кампаніяў называюцца румынская Tacrom Services S.R.L. і беларускае прадпрыемства «Беларуснафта». Летась кожная з гэтых кампаніяў падпісала з «Укргазвидобування» рамачную дамову на правядзеньне 100 апэрацыяў гідраразрыву пластоў на агульную суму 400 мільёнаў грыўняў (амаль 15 мільёнаў даляраў у эквіваленце — РС).

Беларускія нафтавікі пачалі маштабны праект ва Ўкраіне

На патрабаваньне пракуратуры суд прызначыў пазаплянавую праверку «Укргазвидобування» наконт выкананьня заканадаўчых нормаў у сфэры нетракарыстаньня. У прыватнасьці, падчас праверкі мусяць высьветліць наяўнасьць адмысловых дазволаў на правядзеньне працаў і іх узьдзеяньне на навакольле.

Разам з тым, паводле ўкраінскіх СМІ, у крымінальнай справе ўжо ёсьць матэрыялы, што сьведчаць — працы па гідраразрыве пластоў праводзіліся без дазвольных дакумэнтаў у парушэньне тэхналягічных і экалягічных патрабаваньняў. Калі гэта будзе даведзена ў судзе, то залучэньне беларускай і румынскай кампаніяў будзе прызнанае незаконным.

Экспэрт энэргетычных праграмаў Цэнтру Разумкова (Кіеў) Віктар Лагацкі мяркуе, што сытуацыя стала вынікам канкурэнтнай барацьбы на газавым рынку:

«Вельмі шмат кампаніяў, якія хацелі б даваць Украіне паслугі ў нафта- і газасэрвісе. Гэты рынак вельмі цесны — ёсьць польскія кампаніі, украінскія, кітайскія, харвацкія... Паміж імі і трывае канкурэнцыя, бо на гэтым рынку цяпер ёсьць рэальныя кошты, таму і вядзецца такая барацьба», — патлумачыў экспэрт.

Віктар Лагацкі выключае магчымасьць удзелу кіраўніцтва прадпрыемства «Укргазвидобування» у карупцыйнай змове:

«Новы мэнэджэмэнт — гэта выхадцы з аўтарытэтнай міжнароднай кампаніі McKinsey&Company. Я ня веру ў гэта. З пункту гледжаньня дзелавой этыкі, такі мэнэджмэнт ня будзе браць удзел у нейкіх гульнях паводле дамоўленага сцэнару у тым або іншым тэндэры. Я мяркую, што тэндэр адбыўся настолькі празрыста, на колькі гэта дазваляла створаная ва Ўкраіне сыстэма дзяржаўных закупак ProZorro. Ня думаю, што гэтая справа завершыцца разрывам кантрактаў», — дадаў экспэрт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG