Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацьстаяньне парлямэнтаў Каталёніі і Гішпаніі: незалежнасьць і прамое кіраваньне з Мадрыду


Карлэс Пудждэмон

Парлямэнт Каталёніі ў Барсэлёне разглядае пытаньне аб безумоўным абвяшчэньні незалежнасьці. Сэнат Гішпаніі ў Мадрыдзе абмяркоўвае рашэньне ўраду аб увядзеньні ў дзеяньне 155-га артыкулу Канстытуцыі, які прадугледжвае ўвядзеньне ў Каталёніі прамога кіраваньня з Мадрыду.

Сёньня кіраўнік ураду Каталёніі Карлэс Пудждэмон заявіў, што ня будзе распускаць парлямэнт аўтаноміі і праводзіць датэрміновыя рэгіянальныя выбары. Ён растлумачыў, што раней разглядалася такая магчымасьць, але ўрад Гішпаніі ня даў яму дастатковых гарантыяў.

Паводле СМІ, у Мадрыдзе былі гатовыя адмовіцца ад увядзеньня прамога кіраваньня ў правінцыі ў выпадку, калі ў рэгіёне распусьцяць парлямэнт.

Лідэры Каталёніі лічаць, што рэфэрэндум 1 кастрычніка даў рэгіёну мандат на незалежнасьць. На рэфэрэндуме больш за 90% ад тых, хто ўзяў у ім удзел, падтрымалі ідэю аддзяленьня ад Гішпаніі.

Улады Каталёніі падпісалі дэклярацыю аб незалежнасьці, аднак на прапанову Карлэса Пудждэмона вырашылі адкласьці абвяшчэньне незалежнасьці і заклікалі Мадрыд да дыялёгу. Цэнтральная ўлада абвясьціла рэфэрэндум незаконным і адмовілася ад далейшых перамоваў. Тым ня менш Пудждэмона запрасілі выступіць у Сэнаце, аднак ён адмовіўся ад прапановы.

Пасьля рэфэрэндуму ў рэгіёне прайшлі шматтысячныя мітынгі як прыхільнікаў, так і праціўнікаў незалежнасьці.

XS
SM
MD
LG