Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ў Менску абмяркуюць, як спыніць «неабвешчаную вайну» ва Ўкраіне


На "гібрыднай" вайне
На "гібрыднай" вайне

28-29 кастрычніка ў менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў пройдзе міжнародная канфэрэнцыя «Лёгас і патас: гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны».

Экспэрты зь Беларусі, Літвы, Украіны, Расеі зьбяруцца, каб асэнсаваць сацыяльна-палітычную сытуацыю ў рэгіёне ва ўмовах расейска-ўкраінскага канфлікту і вайны на Данбасе.

Арганізатарамі выступаюць Міжнародная асацыяцыя гуманітарыяў, якая аб’ядноўвае інтэлектуалаў з ЗША, Польшчы, Беларусі, Украіны, Расеі, а таксама Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (Вільня), Лятучы ўнівэрсытэт (Менск), Цэнтар міждысцыплінарных гуманітарных дасьледаваньняў (Менск), інстытут «Палітычная сфэра» (Менск — Вільня).

Выклік, на які павінна даць адказ канфэрэнцыя, задае сацыяльна-палітычная сытуацыя ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне.

«Неабвешчаная вайна» ва Ўкраіне, якая разгарнулася як у рэальным, так і ў віртуальным (мэдыйным) вымярэньнях, прывяла да надзвычайнага нагнятаньня рыторыкі вайны, — адзначаюць арганізатары. — Усё часьцей і палітыкі, і гуманітарыі абмяркоўваюць магчымыя сцэнары новай вайны, акупацыі і г.д. Грамадзкая думка нібы рухаецца па коле: ад вайны сапраўднай — да ўяўнай, і ў адваротны бок. І ўжо незразумела, ці здольнае грамадзтва вырвацца з гэтага замкнёнага кола «мілітарысцкай гонкі».

Ці могуць гуманітарныя веды стаць сродкам супрацьстаяньня прапагандзе? Якія культурныя ці мастацкія практыкі рэальна выкарыстаць дзеля дэканструкцыі «ўяўнай вайны»? Наколькі сама гуманітарная думка здольная заставацца па-за рамкамі ідэалягічнага супрацьстаяньня і фармаваць дзейсную альтэрнатыву мілітарысцкай рыторыцы?

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч
Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч

«У дадзеным выпадку падзеі ва Ўкраіне — хутчэй нагода для разважаньняў, — кажа адзін са сьпікераў імпрэзы, палітоляг Уладзімер Мацкевіч. — Усё, што там адбываецца, тры гады не дае спакою інтэлектуалам, мысьлярам — ня толькі тым, хто хоча паўдзельнічаць у „вайнушцы“ — з расейскага боку, ці бароніць сваю краіну — з украінскага.

Ці рэальна выкарыстаць напрацоўкі ў практычным пляне? Справа ў тым, што час мысьленьня і час дзеяньня цякуць крыху па-рознаму. Напрыклад, адбыліся падзеі ва Ўкраіне, пачалася вайна, актыўным людзям трэба было на гэта нейкім чынам рэагаваць. А вось асэнсаваньне, філязофскае разважаньне, агульнагуманітарны аналіз цягнуцца значна марудней — як бачым, гадамі.

Тое самае тычыцца і прыкладнога выкарыстаньня таго, што надумана, што абмеркавана. Яно, адрозна ад тэхнічных вынаходак, не ўваходзіць у жыцьцё адразу. Вось правялі канфэрэнцыю, і абавязкова гэта ў нешта ўвасобілася. Але адносінам, паразуменьню, каштоўнасным стасункам такія імпрэзы, безумоўна, спрыяюць. Магчыма, гуманітарны прагрэс ня так і заўважны, але ж сьвет пакрысе мяняецца. І без асэнсаваньня таго, што адбываецца, наўрад ці нешта магчыма ў нашым жыцьці зьмяніць».

Паводле суразмоўцы, у сучасных умовах насьпела неабходнасьць даць экспэртную ацэнку самому панятку «вайна». Па словах спадара Мацкевіча, сёньня гэта абсалютна ня тое, што вядомыя крывавыя кампаніі апошняга часу.

«Сёньняшняя вайна — зусім ня тое самае, што Першая ці Другая ўсясьветныя войны. Цяпер прынцыпова іншыя войны, якія тычацца ня столькі тэрыторый, колькі сьвядомасьці людзей. І вось асэнсаваньне, разуменьне гэтага — якраз тое, чым павінны займацца мысьляры, філёзафы.

Чым небясьпечная такая сучасная вайна, дзе, здаецца, фізычна людзей гіне значна меней, чым у войнах 70–100-гадовай даўнасьці? Тым, што іх наступствы такія ж важныя для гісторыі, для чалавецтва, для штодзённага жыцьця. Усё гэта трэба і варта абмяркоўваць».

Праграма міжнароднай гуманітарнай канфэрэнцыі

Сярод заяўленых сьпікераў — Тацяна Шчытцова (ЭГУ, Вільня), Алег Турый (Украінскі каталіцкі ўнівэрсытэт, Львоў), Тацяна Вадалаская («Лятучы ўнівэрсытэт», Менск), а таксама аналітыкі, палітолягі, экспэрты ў галіне інфармацыйных тэхналёгій Валерыя Караблёва (Кіеў), Уладзімер Мацкевіч (Менск), Аляксандар Люсы (Масква), Аляксей Ціткоў (Масква), Андрэй Лаўрухін (Санкт-Пецярбург), Аксана Калішчук (Луцк), Аляксей Ластоўскі (Менск) ды іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG