Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска. Блогер. Галадоўка


Ірэна Кацяловіч
Ірэна Кацяловіч

Інфармацыйны паток, які забясьпечваецца афіцыйнымі крыніцамі, запэўнівае нас, што дзяржава прыкладае намаганьні, каб адрадзіць вёскі, мястэчкі і маленькія гарады, стварыць у іх умовы для задавальненьня амаль ці ня ўсіх патрэбнасьцяў піраміды Маслоў і прыцягнуць сюды маладых людзей. Але ёсьць крыніца іншага кшталту — кіно, — якая нягледзячы на сваю ілюзорную прыроду часам кажа пра рэчаіснасьць больш праўдзіва і трапна, а ў некаторых выпадках нават адкрыта супярэчыць афіцыйнай сыстэме ўяўленьняў. Каб паказаць такую супярэчнасьць, аднаму з найярчэйшых сучасных беларускіх дакумэнталістаў Андрэю Куцілу дастаткова было сканцэнтраваць свой новы фільм «Цар гары» літаральна на некалькіх днях відэаблогера Сямёна Дзячка. І гэта не маніфэст, не пераможны вяшчальнік праўды, ня грозны выпад, а далікатная падколка кшталту «а што вы скажаце на гэта?»

«Цар гары» ў пачатку іграе на глядацкіх інстынктах

Хаця такі сур’ёзны ўступ не зусім пасуе жартаўлівай карціне з учэпістай тэмай. «Цар гары» ў пачатку іграе на, калі можна так сказаць, глядацкіх інстынктах, што клююць на любое недарэчнае спалучэньне. Фішкай, якая можа прымусіць пайсьці ў кінатэатар, стане суседзтва ў анонсе відэаблогера і вёскі, хаця можна здагадацца, што Андрэй Куціла такім своеасаблівым аксюмаранам не абмяжоўваецца. Калі падчас прагляду новага фільму рэжысэра ў гэтым давядзецца ўпэўніцца, абяцаю, тут можна будзе знайсьці куды больш цікавыя спалучэньні.

Магчыма, карціна мэтанакіравана і не зьвяртаецца да названага вышэй інфармацыйнага патоку (здаецца, усё ж зьвяртаецца), але ў повязі зь ім дакладна выглядае больш поўнай, дарэчнай і гульлівай. Праўда, разглядаць фільм выключна ў яго апаніраваньні ідэалёгіі — памылкова і вузка. На геаграфічна абмежаванай тэрыторыі (ня проста ў вёсцы, а больш — у вясковым доме) рэжысэр зьняў карціну, якая раскрываецца зь некалькіх ракурсаў і стварае пры гэтым цікавыя жанравыя адсылкі, дзе і беларуская казка, і сацыяльны памфлет, і духоўная літаратура.

галоўны герой жыве ў глыбінцы, займаецца натуральнай гаспадаркай, вядзе відэаблог і абвяшчае галадоўку.

Галоўны герой (Цар гары — гэта яго псэўданім) разам зь сям’ёй жыве ў глыбінцы, займаецца натуральнай гаспадаркай, імкнецца наладзіць жыцьцё ў згодзе з Богам, вядзе відэаблог і абвяшчае галадоўку. Усё гэта адбываецца на фоне пэўнага супрацьстаяньня дзяржаўным інстытуцыям, якія закідваюць сям’ю штрафамі, ды шэрагам прэтэнзій, разбораў і адміністратыўных працэдур замінаюць займацца фэрмэрствам.

Для маладой сям’і, што сьвядома памяняла выгоды цывілізацыі на вёску ці, дакладней нават, на хутар блізу вёскі, у якой насельніцтва складае «два з паловай чалавекі», такое жыцьцё, на жаль, становіцца выпрабаваньнем. Прычым героі яго ўспрымаюць і ў кантэксьце ціску сыстэмы, і ў рэлігійным рычышчы, што выдатна адно да аднаго падладжваецца і адно з адным пераплятаецца. Калі Сямён Дзячок сутыкаецца з узьдзеяньнем адпаведных інстанцый, якое яму падаецца несправядлівым, ён не «становіцца на калені», пакорліва згодны з боскай воляй, а спрабуе пярэчыць. І адной з формаў яго барацьбы аказваецца абвяшчэньне галадоўкі — на шчасьце, відэаблог дазваляе гэта зрабіць публічна, — якая зьяўляецца знакам у тым ліку культавых практык.

постаць Сямёна Дзячка надала сур’ёзнаму фільму належную несур’ёзную афарбоўку

З глядацкага пункту гледжаньня самым цікавым у фільме зьяўляецца якраз постаць Сямёна Дзячка, якая надала сур’ёзнаму фільму належную несур’ёзную афарбоўку (звычайна героі работ Андрэя Куцілы, нават у невялікіх эпізодах, не застаюцца ў рамках толькі функцый). Па-першае, таму што ў карціну «Цар гары» ўключаны выразкі зь яго жартаўлівай балбатнёй на камэру для блога, што перамяжоўваецца працэсам здымак відэа. Па-другое, таму што прысутнасьці свавольнага, нязграбнага, часам лянівага (але сымпатычнага) галоўнага героя дастаткова, каб гэтую жартаўлівасьць надаць і стылю фільму. Па-трэцяе, рэжысэр сам дапускае мяккія жарты ў бок свайго героя: «Цара гары», канешне ж, можна назваць камэдыяй, інакш навошта так смакаваць вячэру жонкі Ірыны, пакуль яе муж пакутуе на галадоўцы.

Сцэна з дакумэнтальнага фільму Андрэя Куцілы «Цар гары»
Сцэна з дакумэнтальнага фільму Андрэя Куцілы «Цар гары»

А за вонкавымі характарыстыкамі раскрываюцца тэмы, адсылкі і адценьні. Месца дзеяньня падкрэсьлівае гаворку пра маленькага чалавека — клясычнага селяніна, што ў беларускім фальклоры пакутуе ад пана. «Цара гары» — сучаснага па форме і мове — важна паставіць у кантэкст беларускай спадчыны: добра нам знаёмая рэальнасьць з танюткім, нават не заўважыш, зваротам да культурнага коду робіць карціну Андрэя Куцілы куды больш майстэрскай і складанай. Тым больш важна, што месца дзеяньня і архаічныя рэчы, што ў той ці іншай ступені абазначаюць сваю прысутнасьць у карціне (фальклор, старыя жанры, рэлігія), суіснуюць з такімі знакамі сучаснасьці як блог і Youtube. Традыцыйны канфлікт зь бінарным падзяленьнем на ніжэйшага і вышэйшага, з прапісанай формай залежнасьці і нават прыкладнымі пэрыпэтыямі, як аказалася, можа быць ня толькі знакам далёкай мінуўшчыны, але і, ужо з сучасным варыянтам паншчыны, асновай новага фільму, калі на двары 2017 год. Мне падабаецца адсылка да спарахнелага сюжэту, што паказвае, як недалёка мы адышлі ад саміх сябе, і падабаецца, як «Цар гары» будуе на яго простасьці і ўмоўнасьці некалькі сэнсавых колаў.

рэальная вёска – брудная і непрывабная

Вёска зьяўляецца натуральным асяродзьдзем таксама для хрысьціянскага накірунку — біблейскія сюжэты, чысьціня думак, яднаньне з прыродай і ўсё астатняе. Праўда, рэальная вёска — тая, што на экране, брудная і непрывабная, — наўрад ці адпавядае нашым прычасаным уяўленьням царкоўных гісторый, таму яна наадварот становіцца ў апазыцыю ўсяму ўзвышанаму, што нясе з сабой фігураваньне ў фільме рэлігіі і Бога. Чалавек такім чынам аказваецца адначасова ў несправядлівай машынэрыі, што спраўна друкуе штрафы і сьцяной становіцца ў спробах зь ёй спрачацца, але і сьвет, створаны Богам, не прыўносіць у гэтае выпрабаваньне ніякай неятое нават каб палёгкі, але і эстэтыкі.

Рэжысэрскае маніпуляваньне матэрыялам дасьць магчымасьць задумацца і над тым, што і сыстэма, і Бог у пачатку канца, у якім аказалася сям’я Дзячкоў, насамрэч ні пры чым. Некалькі эпізодаў, дзе адлюстроўваецца ляжаньне галоўнага героя, ад якога мы чакаем непахіснай волі і забітых мамантаў, на канапе, сабраныя тут невыпадкова: чалавек раптам становіцца не ахвярай, а хітрым прайдохай, што зноў жа адсылае да фальклорных пэрсанажаў.

ёсьць гумар, часам з сумным, часам з гарэзьлівым адценьнем

На прыкладзе фільму «Цар гары» добра прэпараваць дакумэнталістыку: кіно, што быццам «проста фіксуе рэчаіснасьць», здольнае нават зь некалькіх дзён жыцьця герояў зрабіць такую выбарку, якая стварае шэраг тэматычных накірункаў; выпісвае ўнікальную, тонка жартаўлівую, мову; дадае значэньні і адценьні з дапамогай шматзначнага суседзтва эпізодаў унутры фільму. У выпадку фільму Андрэя Куцілы ўсё выдатна стварыла складаную сыстэму сэнсаў і падсэнсаў з прыемным спосабам падачы — тут няма гарадзкога снабізму ў вёсцы, дыдактычнасьці альбо скептычнасьці ні ў адным, што я называю, ракурсаў, затое ёсьць гумар, часам з сумным, часам з гарэзьлівым адценьнем, і разумныя далікатнасьць і безудзельнасьць. Але глядач усю гэтую выпісаную складанасьць не заўважыць, бо для яго гэты фільм проста фіксуе рэчаіснасьць.

«Цар гары» Андрэя Куцілы хутка можна будзе ўбачыць на вялікім экране: карціна ўвайшла ў Нацыянальны конкурс кінафэстывалю «Лістапад», які па вызначэньні акумулюе ў сваёй праграме найлепшае беларускае кіно апошняга часу.

У выніку карціна пра беларускую вёску па-майстэрску зьмяшчае ў сабе сур’ёзны, магчыма нават, трагічны, кантэнт, і жартаўлівы спосаб яго падачы, 2017 год і мінуўшчыну, чалавека як ахвяру і чалавека як гаспадара свайго жыцьця. І калі «Цар гары» ганарова нясе праўду (у параўнаньні з афіцыйнымі крыніцамі), ён у той жа момант абгортвае яе пытаньнямі — настолькі ж нежаданымі, наколькі недарэчнымі зьяўляюцца салодкія песьні ідэалёгіі.

Ірэна Кацяловіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG