Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьбіраючы старыя нататнікі, натыкнуўся на адзін дзіўны аўтограф, пакінуты мне Анатолем Сысом 6 лютага 1998 году.

З Сысом я пазнаёміўся на сваім канцэрце на «Вольнай сцэне» ў 1997-м. Арганізатары былі ў жаху, калі пабачылі яго ў фае. Зьяўленьне Сыса звычайна было прадвесьцем таго, што вечар сумным ня будзе. Але, на зьдзіўленьне арганізатараў, Анатоль быў ідэальным маім слухачом. Сядзеў задуменна, слухаў засяроджана, эмоцыі выяўляў толькі далонямі. Пасьля прайшоў за кулісы. Павіншаваў мяне з добрым выступам і дастаў пляшку брэндзі. Да якой я з задавальненьнем прыклаўся.

Арганізатары глядзелі на мяне, як на звышчалавека. «Чаму ён з табой так?» «Як такое магчыма?» «Вы што, сябры?» — пыталіся яны ў мяне. «Ды не, — казаў я, — можа, яму проста песьні спадабаліся. Напрыклад, пра запой».

У той дзень, калі ў маім нататніку зьявіўся аўтограф Сыса, я завітаў у Музэй Янкі Купалы на пасяджэньне Клюбу «Спадчына». Ішло абмеркаваньне помніка беларускай мове. Спачатку савецкі адстаўнік Анатоль Белы доўга распавядаў пра свой візыт да дачкі ў ЗША. З бацькоўскім гонарам паведамляючы, колькі ў доме дачкі туалетаў і душавых. Затым прысутныя з захапленьнем абмяркоўвалі помнік роднай мове. Манумэнт дастойны надмагільля народнага пісьменьніка. Агромністая чарніліца з высачэзным пяром у ёй. А пасьля прыйшоў Сыс. І прапанаваў пайсьці да яго ў госьці.

Маленькая аднапакаёўка Сыса ўразіла, як ніводны музэй. Гэты было жытло двухаблічнага чалавека. Кухня — месца жыхарства і загулаў халасьцяка і алькаголіка. Са сталом — «пусьці павалюся». З шыхтом пустых бутэлек пад ракавінай. З бруднымі сьценамі. Але пакой з рабочым сталом — гэта ідэальны парадак. Дзе кожная рэч, кожны аркуш паперы, кожная кніга знаходзяцца на сваім месцы. Як гэтыя два памяшканьні суіснавалі разам? Так павінна выглядаць жытло доктара Джэкіла. Прыстойнага пана добрых манераў, які, пераходзячы парог кухні, імгненна ператвараўся ў містэра Хайда. Мы тады пілі на кухні. А я запомніў (ці мне здалося?), як захмялелы Сыс, падыходзячы да свайго пісьмовага стала, заўважна цьверазеў.

На кухні ён мацярыў латышскага паэта Ульдзіса Берзіньша. Чым яму дасадзіў калега, я так і ня ўцяміў. Але сеўшы за стол, сур’ёзны і засяроджаны Сыс папрасіў у мяне нататнік. Узяў чырвоную асадку і зусім цьвярозым почыркам напісаў наступныя радкі:

Латышская дывізія СС

З барадатым рыжым ахфіцэрам

Увайшла на досьвітку ў Пан Лес.

Я, каб выжыць, абярнуўся зьверам.

Бацьку — у луня ператварыў,

Маці — у нямую салаўіху...

Кніжку ў Рызе, дурань, ахфіцэру падарыў

Рыжаму. На ліха?

Штандартэнфюрэр Берзыньш, што прыйшоў?

Паляваць паэтаў беларускіх?

Хіба табе мала латышоў?

Ці палякаў, ці жыдоў, ці рускіх?

На сьцяне сталёвы пісталет,

А на сэрцы пераплёт Абая.

Хто табе навёрз, што я паэт?

Што, як пан, свой лес блакадны маю?

Такі пан — каўтун у галаве,

На душы трывога: абы ціха —

Лунь, хавайся ў сівой траве,

У лісьці хавайся, салаўіха.

Бартосіку ад Сыса і яшчэ ад душы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG