Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі атрымаў дакумэнты аб пазбаўленьні ўкраінскага грамадзянства і зьбіраецца ў суд


Міхэіл Саакашвілі «прарываецца» з Польшчы ва Ўкраіну, 10 верасьня 2017

Экс-прэзыдэнт Грузіі і былы кіраўнік Адэскай адміністрацыі Міхэіл Саакашвілі паведаміў, што атрымаў ад Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны дакумэнты аб пазбаўленьні яго ўкраінскага грамадзянства.

Ён адзначыў, што мае намер «сёньня альбо заўтра» абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе. 26 кастрычніка адзін з пазоваў Саакашвілі да Дзяржаўнай міграцыйнай службе будзе разглядацца ў Львоўскім акруговым адміністрацыйным судзе.

«Нарэшце мы атрымалі дакумэнты ад Адміністрацыі прэзыдэнта і будзем аспрэчваць пазбаўленьне мяне грамадзянства», — паведаміў палітык.

24 кастрычніка генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка паведаміў, што Украіна адмовіла Міхаілу Саакашвілі ў статусе ўцекача. Гэта, паводле чыноўніка, азначае, што перашкод для экстрадыцыі былога прэзыдэнта Грузіі на яго гістарычную радзіму няма.

Саакашвілі ў адказ напісаў у Facebook’у, што генпракурор «забрахаўся» і што Міграцыйная служба да гэтага не давала яму ніякіх дакумэнтаў, якія б аспрэчвалі яго права знаходзіцца ва Ўкраіне. Праз суткі Саакашвілі гэтыя дакумэнты атрымаў.

Міхэіл Саакашвілі атрымаў ўкраінскае грамадзянства, калі быў прызначаны на пасаду кіраўніка Адэскай вобласьці, і пазбаўлены яго адразу пасьля таго, як быў звольнены. Аднак ён заявіў, што будзе дамагацца аднаўленьня грамадзянства Ўкраіны, бо іншага, паводле яго словаў, у яго няма (ад грузінскага ён адмовіўся). 10 верасьня палітык, нягледзячы на кардоны на мяжы, здолеў прайсьці на тэрыторыю Ўкраіны з Польшчы.

Пасля гэтага палітык, паводле яго словаў, падаў дакумэнты на атрыманьне ва Ўкраіне статусу ўцекача, настойваючы, што гэта не дазваляе яго дэпартаваць.

Аднак украінскія ўлады настойваюць на вяртаньні Саакашвілі на радзіму і абвінавачваюць яго ў арганізацыі дзяржаўнага перавароту на тэрыторыі Ўкраіны. Так яны расцанілі масавую акцыю пратэсту, якую прыхільнікі Саакашвілі зладзілі перад будынкам Вярхоўнай Рады і іншымі адміністратыўнымі будынкамі ў Кіеве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG