Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп аднавіў прыём уцекачоў адусюль, акрамя 11 не названых краінаў


Уцекачы зь Бірмы на мяжы краіны з Бангладэшам, кастрычнік 2017
Уцекачы зь Бірмы на мяжы краіны з Бангладэшам, кастрычнік 2017

Прэзыдэнт Дональд Трамп дазволіў аднавіць прыём уцекачоў у ЗША пасьля заканчэньня чатырохмесячнага мараторыю, але практычна працягнуў забарону на наданьне прытулку для грамадзянаў 11 афіцыйна не названых дзяржаваў.

У чэрвені Трамп закрыў уезд для ўцекачоў зь любой краіны на 120 дзён, выконваючы адно з ключавых абяцаньняў сваёй перадвыбарчай кампаніі. Таксама тады ён на 90 дзён забараніў уезд грамадзянам Ірану, Лібіі, Сырыі, Самалі, Судану і Емэну, акрамя тых, хто працуе, вучыцца або мае блізкіх сваякоў у ЗША.

Забарона на ўезд з шасьці краінаў скончылася ў канцы верасьня, а 24 кастрычніка скончылася забарона на прыём уцекачоў, аднак Трамп увёў новае абмежаваньне. На бліжэйшыя 90 дзён наданьне прытулку грамадзянам 11 краінаў будзе сур’ёзна абмежаванае, пакуль адміністрацыя не распрацуе новыя, больш жорсткія патрабаваньні да праверкі іх зваротаў.

Агенцтва Ройтэрс, спасылаючыся на свае крыніцы і дакумэнт Дзярждэпу, называе Эгіпет, Іран, Ірак, Лібію, Малі, Паўночную Карэю, Самалі, Судан, Паўднёвы Судан, Сырыю і Емэн, а таксама палестынцаў, якія жывуць у гэтых краінах. Паводле амэрыканскіх СМІ, узмоцненыя праверкі для ўцекачоў з гэтых краінаў будуць ўключаць збор дадатковай інфармацыі аб сваяках, месцы працы і актыўнасьці ў сацыяльных сетках.

У верасьні Белы дом панізіў гадавую квоту на наданьне прытулку замежнікам да 45 тысяч чалавек — гэта самая нізкая квота з моманту запуску праграмы ў 1975 годзе. У апошні год прэзыдэнцтва папярэдніка Трампа Барака Абамы ЗША прынялі 85 тысяч бежанцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG