Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў пагадзілася на першыя за тры гады парлямэнцкія слуханьні


29 лістапада ў Авальнай залі Дома ўраду пройдуць першыя за тры гады адкрытыя парлямэнцкія слуханьні. Іх тэма: «Нацыянальная сыстэма адукацыі: стан і шляхі ўдасканаленьня заканадаўчага рэгуляваньня», сказаў Свабодзе старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы прафэсар Ігар Марзалюк.

Згоду на правядзеньне слуханьняў сёньня далі дэпутаты, якія папярэдне выслухалі аргумэнты на карысьць гэтага мерапрыемства ад яго ініцыятара — Марзалюка.

Паводле ягоных слоў, адкрытыя слуханьні з удзелам ня толькі дэпутатаў, але і экспэртаў — гэта актуальная акцыя. Цяпер завяршаецца праца над законам, які прадугледжвае карэктаваньне Кодэксу аб адукацыі. І таму заўвагі і меркаваньні ўдзельнікаў слуханьняў будуць вельмі дарэчы.

Першыя слуханьні для цяперашніх дэпутатаў

Для дэпутатаў шостага скліканьня лістападаўскія слуханьні стануць першымі, хоць з пачатку іх працы пайшоў ужо другі год.

Калі ў дэмакратычных дзяржавах парлямэнцкія слуханьні — звычайная і традыцыйная зьява, то ў Палаце прадстаўнікоў апошнія прайшлі аж тры гады таму. 25 лістапада 2014 году разглядаліся праблемы дзяржаўна-прыватнага партнэрства.

Сёлета ўносіліся прапановы склікаць адкрытыя парлямэнцкія слуханьні па праблемах сьмяротнага пакараньня, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, Беларускай атамнай станцыі. Аднак дагэтуль такія слуханьні не прызначаныя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG