Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірацкі Курдыстан гатовы адкласьці абвяшчэньне незалежнасьці


Курдзкія сьцягі, апаганеныя ірацкімі войскамі ў горадзе Туз-Хурмату ў правінцыі Кіркук

Прадстаўнікі ўладаў ірацкага Курдыстану прапанавалі ў сераду адкласьці абвяшчэньне незалежнасьці рэгіёну і актывізаваць намаганьні для ўрэгуляваньня крызісу ў дачыненьнях з Багдадам праз дыялёг, а не баявыя дзеяньні. Аднак прадстаўнік ірацкіх уладаў заявіў, што наступ, пачаты Багдадам у верасьні пасьля заявы Курдыстану аб незалежнасьці, будзе працягнуты.

У заяве Рэгіянальнага ўраду Курдыстану гаворыцца, што «баявыя дзеяньні паміж двума бакамі не прывядуць да перамогі ні для кога, а прывядуць да поўнага зьнішчэньня краіны». Улады Курдыстану прапанавалі ўвесьці неадкладнае спыненьне агню, прыпыніць вынікі рэфэрэндуму і «пачаць адкрыты дыялёг з фэдэральным урадам на аснове Канстытуцыі Іраку».

Багдад абвясьціў рэфэрэндум незаконным і адказаў на яго захопам гораду Кіркук, нафтаздабыўных раёнаў вакол яго і іншай тэрыторыі, якую курды адбілі ў экстрэмістаў групоўкі «Ісламская дзяржава». Ірацкі ўрад зьмяніў балянс сілаў на поўначы краіны пасьля таго, як пачаў на мінулым тыдні баявыя дзеяньні супраць курдаў, што кіруюць Іракскім Курдыстанам, які складаецца з трох правінцый на поўначы Іраку.

У кароткім камэнтары сацыяльным мэдыя прадстаўнік Багдаду паведаміў, што кампанія будзе працягнутая, і адзначыў: «Ваенныя апэрацыі не зьвязаныя з палітыкай». Прэм’ер-міністар Іраку Хайдэр аль-Абадзі заявіў, што ўлады Курдыстану павінны адмяніць вынікі галасаваньня ў якасьці папярэдняй умовы для перамоў.

Прэм’ер-міністар не адрэагаваў на прапанову курдзкага боку ў сераду, калі пачаў афіцыйны візыт у суседнюю Турцыю і Іран, падчас якога адносіны з курдамі, чые грамады існуюць у Іраку, Турцыі і Іране, а таксама ў Сырыі, будуць займаць важнае месца ў парадку дня перамоваў. Іран абвясьціў пра аднаўленьне дзеяньня аднаго з памежных пераходаў з Ірацкім Курдыстанам, які быў закрыты на мінулым тыдні ў мэтах падтрымкі ірацкага цэнтральнага ўраду.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG