Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будзе горш ці лепш? Палярныя меркаваньні наконт прапанаваных зьменаў у закон аб масавых мерапрыемствах


Плошча Бангалор у Менску

25 кастрычніка адбудзецца пленарнае пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў, на якім сярод 13 законапраектаў у першым чытаньні дэпутаты разгледзяць дапаўненьні і зьмяненьні ў «некаторыя законы па пытаньнях правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Можа стаць толькі горш

Папраўкі ў закон фармальна зробяць яго больш «лібэральным», але могуць фактычна ўскладніць правядзеньне мітынгаў і сходаў, адзначае агенцтва БелаПАН.

«Агулам законапраект уводзіць масу абмежаваньняў для арганізатараў і ўдзельнікаў, больш жорстка рэглямэнтуе дзейнасьць журналістаў, звужае для ўсіх субʼектаў прастору для манэўру», — піша агенцтва.

Спрошчаная працэдура арганізацыі мітынгаў (без узгадненьня) прадугледжваецца для ўдзельнікаў выбараў (але ня толькі ў час выбарчых кампаніяў) у «пастаянных месцах, вызначаных мясцовымі ўладамі». Такімі «пастаяннымі месцамі» ў Менску называюць парк Дружбы народаў (каля плошчы Бангалор), Кіеўскі сквэр (за кінатэатрам «Кіеў») і парк 50-годзьдзя Кастрычніка (за мэтро «Партызанская»). Мітынгі ж каля Акадэміі навук не павінны будуць дазваляцца, бо побач мэтро. Але пры «спрошчанай» працэдуры заяўка на мерапрыемства прадугледжваецца такая самая, як і пры звычайнай.

Акцыя каля Акадэміі навук, архіўнае фота
Акцыя каля Акадэміі навук, архіўнае фота

Мітынгі па-за вызначанымі месцамі (напрыклад, на Кастрычніцкай плошчы) па-ранейшаму прапануецца ўзгадняць з уладамі — а ўлады часта іх не ўзгадняюць або прапануюць іншы час мерапрыемства.

Таксама ў законапраект увайшлі «нормы, накіраваныя на ўрэгуляваньне працэдуры адкліканьня заяўкі аб правядзеньні масавага мерапрыемства». Цяпер працэдуры адкліканьня заяўкі на мітынг проста няма.

Гэта можа азначаць, што заяўнікі акцыяў ня змогуць «зьняць зь сябе адказнасьць» за мітынг, як тое хацелі зрабіць з акцыяй на Дзень Волі. Тады гарадзкія ўлады ў парушэньне законаў пастанавілі забараніць акцыю толькі за дзень да яе, хоць мусілі адказаць за 5 дзён (суд ня лічыць гэта парушэньнем), і двойчы скасоўвалі сустрэчы з заяўнікамі.

«Ініцыятыва ўладаў выглядае нядрэннай»

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў

«У законапраекце, прапанаваным Саветам Міністраў, ключавое, на мой погляд, — увядзеньне паведамляльнага прынцыпу правядзеньня мітынгаў, пікетаў і г.д., — кажа намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. — У адрозьненьне ад заявы (якая таксама захоўваецца ў законе), апавяшчэньне падаецца не пазьней як за 10 дзён да меркаванай даты правядзеньня мерапрыемства. Улады за 5 дзён да даты правядзеньня павінны адказаць заяўніку толькі ў выпадку недапушчальнасьці правядзеньня мерапрыемства, калі ёсьць наступныя падставы:

1) на дадзены час і месца ўжо паступіла раней апавяшчэньне ад іншай асобы;

2) пададзенае апавяшчэньне не адпавядае патрабаваньням Закону.

Калі адкінуць некаторыя новаўвядзеньні дыскрымінацыйнага пляну, якія тычацца абмежаваньняў пераліку асобаў, якія маюць права быць заяўнікамі масавага мерапрыемства, а таксама патрабаваньняў у дачыненьні да журналістаў, то ініцыятыва ўладаў выглядае вельмі нядрэнна. У прынцыпе, паведамляльная практыка ўжо працуе для агітацыйных мерапрыемстваў падчас выбарчых кампаній і, як правіла, не сустракае забароны.

Усё пытаньне цяпер толькі ў тым, ці будзе працаваць паведамляльны прынцып на практыцы (па-за выбарамі) або яго выпусташаць разнастайныя дадатковыя патрабаваньні, выканаць якія немагчыма паводле азначэньня».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG