Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адмовіла Саакашвілі ў статусе ўцекача і ня бачыць перашкод для яго экстрадыцыі ў Грузію


Украіна адмовіла Міхаілу Саакашвілі ў статусе ўцекача, а гэта азначае, што перашкод для экстрадыцыі былога прэзыдэнта Грузіі на яго гістарычную радзіму няма, – заявіў 24 кастрычніка генпракурор Украіны Юры Луцэнка.

Таксама ён абвясьціў, што ўкраінскія ўлады зьбіраюцца дэпартаваць з краіны 20 прыхільнікаў Саакашвілі, у асноўным грузін, бо яны жылі ў краіне незаконна і рыхтавалі дзяржпераварот. Пад «пераваротам» Луцэнка меў на ўвазе мітынгі пратэсту і намётавы гарадок пад Вярхоўнай Радай і іншымі адміністратыўнымі будынкамі ў Кіеве.

«Удзел у гэтым заплянаваным перавароце прымаюць гастралёры без усялякага грамадзянства. Міхаіл Саакашвілі як старшыня (Адэскай) абласной дзяржаўнай адміністрацыі прымусіў сваіх падначаленых аформіць дазволы на пастаяннае пражываньне 20 грамадзянам Грузіі як каштоўным дзеячам культуры. Цяпер гэтыя дзеячы сеюць вечнае, мудрае, добрае» па ўсёй тэрыторыі краіны, – заявіў Луцэнка. – Менавіта яны з наразной зброяй ахоўваюць Саакашвілі, знаходзячыся ў лягеры, і рыхтуюць гэты сілавы пераварот».

«Гэта ня пройдзе. Ні ўкраінскія грамадзяне, ні, тым больш, заежджыя гастралёры ня змогуць навязаць волю Украінскай дзяржаве», – заявіў генпракурор.

Сам Саакашвілі быў пазбаўлены ўкраінскага грамадзянства ўказам Пятра Парашэнкі адразу пасьля таго, як быў звольнены з пасады кіраўніка Адэскай вобласьці. Аднак ён заявіў, што будзе дамагацца аднаўленьня грамадзянства, а 10 верасьня здолеў трапіць на тэрыторыю Ўкраіны з Польшчы. Тады яго прыхільнікі па сутнасьці «зьмялі» ўкраінскі памежны кантроль:

Пасьля гэтага палітык, паводле ягоных словаў, падаў дакумэнты на атрыманьне ва Ўкраіне статусу ўцекача: гэты статус не дазваляе яго дэпартаваць.

Луцэнка 24 кастрычніка заявіў, што гэта ня так:

«У нас ёсьць навіна. Калі раней я заяўляў, што ў Саакашвілі ёсьць статус, які робіць немагчымым яго дэпартацыю або яго якую-кольвечы экстрадыцыю, то цяпер Дзяржаўная міграцыйная служба адмовіла яму ў статусе ўцекача, па якім ён напісаў заяву», – сказаў Луцэнка.

Паводле яго, «якія-небудзь спэцыяльныя абставіны, якія маглі б прадухіліць дэпартацыю або экстрадыцыю» Саакашвілі, «адсутнічаюць».

«Дзяржаўная міграцыйная служба ведае пра гэта напэўна», – дадаў Луцэнка.

Саакашвілі ў адказ у фэйсбуку напісаў, што генпракурор «забрахаўся»:

«Генэральны пракурор Луцэнка канчаткова забрахаўся! Толькі што ў эфіры ён заявіў, што Міграцыйная служба адмовіла мне ў праве знаходзіцца ў краіне, і што мяне можна дэпартаваць. Іронія сытуацыі ў тым, што Міграцыйная служба мне ня тое што не адмаўляла, яны да гэтага часу не падалі ніякіх дакумэнтаў, якія аспрэчвалі б маё права знаходзіцца ва «краіне, – напісаў ён.

Палітык напісаў, што некалькі тыдняў таму яго адвакаты падалі пазоў у суд аб бязьдзейнасьці Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны і поўным ігнараваньні яго запытаў. 26 кастрычніка гэты пазоў, паводле яго, будзе разглядацца ў Львоўскім акруговым адміністрацыйным судзе.

XS
SM
MD
LG