Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» ідзе на выбары ў «моцна абноўленым» складзе


Лідэр руху "Гавары праўду" Тацяна Караткевіч

24 кастрычніка грамадзянскі рух «Гавары праўду» абвясьціў пра старт выбарчай кампаніі і адкрыў рэспубліканскі сьпіс кандыдатаў для далучэньня ўсіх, хто хоча дамагчыся мірных пераменаў.

Як заявіў кіраўнк выбарчага штабу кампаніі Сяргей Вазьняк, «Гавары праўду» падрыхтавала «нацыянальны мэсыдж», які гучыць так: ідзём на выбары дзеля таго, каб павярнуць уладу тварам да людзей і адчыніць дзьвер мясцовых саветаў для грамадзянаў.

Нягледзячы на тое, што мясцовыя выбары зьяўляюцца рэгіянальнымі, «Гавары праўду» мае намер аб’яднаць усіх кандыдатаў ад грамадзянскай кампаніі. На сёньня іх 123 чалавекі, найбольшая колькасьць прадстаўляюць Менск і Віцебскую вобласьць.

Для кандыдатаў у дэпутатаў ёсьць два асноўныя патрабаваньні. Па-першае, яны павінны падзяляць галоўную мэту грамадзянскай кампаніі, а менавіта мірныя перамены, па-другое, прытрымлівацца нацыянальнага мэсыджу.

Сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты — людзі розных прафэсій: фэрмэры, інжынэры, бізнэсоўцы, студэнты і пэнсыянэры. Як сказаў пра іх Сяргей Вазьняк, гэта людзі з добрай рэпутацыяй.

Лідэры кампаніі таксама балятуюцца

Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч таксама будуць удзельнічаць у мясцовай выбарчай кампаніі. Дзьмітрыеў будзе балятавацца ў Менскі абласны савет, Караткевіч — у Менскі гарадзкі.

«Чаму мы гэта робім? — удакладніў Андрэй Дзьмітрыеў. — Таму што немагчыма заклікаць людзей удзельнічаць у выбарчай кампаніі, а самім заставацца ў баку».

Ён адзначыў, што за апошнія два гады «Гавары праўду» моцна абнавіла свой склад. Зараз сярод патэнцыйных кандыдатаў менш за 1% прадстаўляюць іншыя палітычныя сілы. Тады як у 2014-м такіх прадстаўнікоў было амаль палову.

У сваю чаргу Тацяна Караткевіч тлумачыць свой удзел у выбарах тым, што не бывае дробных праблем. Мэсыдж для ўладаў пра тое, што яны павінны павярнуцца тварам да людзей, павінен пайсьці зьнізу. А таму нельга ігнараваць выбарчую кампанію.

Кіраўнікі «Гавары праўду» зьвярнулі ўвагу, што за час, які прайшоў паміж папярэднімі выбарамі, яны шмат сустракаліся з чыноўнікамі і прыйшлі да высновы: дзяржаўныя службоўцы — кваліфікаваныя людзі, які добра валодаюць сытуацыяй. Але яны нічога ня робяць для простых людзей, бо цяперашняя сыстэма ўлады збудаваная так, што чыноўнік ніжэйшага рангу працуе перш за ўсё на свой імідж у вачах не выбарнікаў, а свайго непасрэднага начальніка — з жаданьнем заняць у пэрспэкыве яго месца. Гэтую заганную схему і мусіць зьмяніць «Гавары праўду».

Для грамадзянскай кампаніі гэтыя выбары будуць ужо сёмымі. Першую кампанію «Гавары праўду» правяла ў 2010 годзе, гэта былі таксама выбары ў мясцовыя саветы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG