Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім хоча стаць старшынёй ТБМ, каб пашыраць беларускамоўную прастору


Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заявіла Свабодзе пра намер узначаліць Таварыства беларускай мовы.

Цяперашні старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які ўзначальвае арганізацыю з 1999 году, пакідае сваю пасаду. Пра гэта ён паведаміў у інтэрвію «Беларускаму партызану».

Новае кіраўніцтва ТБМ выберуць 29 кастрычніка на ХІІІ зьезьдзе грамадзкай арганізацыі. Паводле Алега Трусава, «асноўнай кандыдатурай» на пасаду новага старшыні ТБМ зьяўляецца Алена Анісім.

Алена Анісім у інтэрвію Свабодзе пацьвердзіла гэтую інфармацыю.

— Ці сапраўды вы будзеце вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду новага старшыні ТБМ?

— Безумоўна. Маё прозьвішча было названае на адной з радаў, і сакратарыят таксама падтрымлівае, і многія рэгіянальныя арганізацыі выступаюць за тое, каб вылучыць маю кандыдатуру на пасаду старшыні ТБМ. Паколькі я працую ўжо даўно і не адзін пэрыяд працую першым намесьнікам, то мушу разумець сваю адказнасьць за лёс арганізацыі. Вядома, я буду выстаўляць сваю кандыдатуру.

— Як вы плянуеце спалучаць дзейнасьць на пасадзе старшыні ТБМ з дэпутацкай дзейнасьцю?

— Многія спалучаюць сваю дзейнасьць на розных пасадах. Напрыклад, спадарыня Шчоткіна яшчэ ўзначальвае Саюз жанчын, і гэта не замінае ёй працаваць у Савеце Рэспублікі, так што я думаю, што і мне ўдасца спалучаць такія рэчы, тым больш што на працягу свайго жыцьця мне ўвесь час даводзілася выконваць не адзін, а некалькі абавязкаў — асноўныя, прафэсійныя, плюс яшчэ грамадзкія.

— Што вы плянуеце зрабіць на пасадзе старшыні, якая ваша праграма?

— Я проста буду працягваць тую дзейнасьць, якую вяду і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў грамадзтве. Мая задача дамагчыся, па-першае, каб заканадаўства прымалася па-беларуску, па-другое, каб быў створаны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня сучаснага эўрапейскага кшталту і, адпаведна сучасным выклікам, арыентаваны на фармаваньне будучай інтэлектуальнай эліты, кіроўнай эліты. І па-трэцяе — стварэньне паўнавартаснай інфармацыйнай прасторы на беларускай мове. У гэтым кірунку таксама вядзецца праца. Так што шмат што ўжо запачаткавана, шмат ёсьць людзей, якія гуртуюцца вакол гэтых ідэяў, таму я думаю, калі мы будзем разам, камандай працаваць па ўсіх нашых структурах, у нас шмат што атрымаецца.

— А якой вам бачыцца роля ТБМ у грамадзтве на сёньняшні дзень?

— Перш за ўсё я бачу гэтую ролю ў актыўнасьці грамадзян, вядома, і сяброў ТБМ. Пытаньне ў тым, каб мы ставілі стратэгічныя задачы і распрацоўвалі тактычны плян дзеяньняў і працавалі. Працавалі з грамадзтвам, працавалі з уладамі, працавалі зь іншымі сябрамі грамадзянскай супольнасьці. Нам урэшце трэба зразумець, што мы ў Беларусі адказныя за ўсё, што адбываецца ў нашай краіне. У тым ліку за лёс мовы.

Анісім: большая частка дэпутатаў вітае пашырэньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG