Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста Вінярскага пасьля турмы забралі ў міліцыю на прафіляктычную гутарку


Актывіст Максім Вінярскі, архіўнае фота 18 красавіка 2017 году

Сябры і паплечнікі не змаглі сустрэць на волі актывіста кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага, які сёньня а 8-й раніцы павінен быў выйсьці з турмы на Акрэсьціна пасьля 10-суткавага арышту.

Ягоны паплечнік Леанід Кулакоў расказаў Свабодзе, што ў прызначаны час так і не дачакаліся актывіста пад турэмнай брамай на Акрэсьціна.

Пазьней высьветлілася, што яго таемна перавезьлі на прафіляктычную гутарку ў міліцыю.

Леанід Кулакоў
Леанід Кулакоў

«Арыштавалі Максіма а 8-й раніцы, хоць ягонай сястры напярэдадні сказалі, што па паперах час зрушаны на гадзіну пазьней, — кажа спадар Кулакоў. — Мы прыехалі загадзя, дачакаліся 9-й, а яго няма і няма. Патэлефанавалі ў ЦІП, там адказалі, што „выбыў пасьля завяршэньня тэрміну адбыцьця пакараньня“. Але ж мы яго ня бачылі! Аказваецца, вывезьлі адтуль загадзя ў Маскоўскае РУУС — маўляў, на прафіляктычную гутарку. І папярэдзілі: будзеш тут да таго часу, пакуль не „нагаворымся“. На што Максім адказаў: можаце хоць да скону трымаць, але ніякай гутаркі не атрымаецца. Цяпер вось чакаем яго дома...»

Тацяна Кузьмінічна, маці Максіма, падлічыла: у сярэдзіне кастрычніка розных арыштаў яе сына назьбіралася на цэлы год:

14 кастрычніка быў 365-ы дзень, які ён правёў ва ўмовах кшталту турмы на Акрэсьціна. Вось такі юбілей.

«14 кастрычніка быў 365-ы дзень, які ён правёў ва ўмовах кшталту турмы на Акрэсьціна. Вось такі юбілей. А тым часам і год мінуў, бо сёньня ўжо 23-га... Дарэчы, аднойчы ў нас ужо было, што мы пісалі заяву ў міліцыю пра пошук Максіма — мусіў выйсьці і не выйшаў.

Сёньня вось ім захацелася звазіць яго на так званую прафіляктычную гутарку. А ўрэшце сказалі: паколькі сёньня ён на яе не настроены, то гутарка адбудзецца ў іншы дзень — маўляў, зь ім яшчэ зьвяжуцца».

Максім Вінярскі быў затрыманы ў Менску 13 кастрычніка. Раніцай ён выйшаў выгуляць сабаку, у гэты момант да яго падбеглі чатыры чалавекі, схапілі і пасадзілі ў аўтамабіль.

Маскоўскі суд асудзіў яго на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за перапост артыкулу, які суд палічыў заклікам да несанкцыянаванай акцыі пратэсту. У ізалятар на Акрэсьціна актывіста «Эўрапейскай Беларусі» забралі проста з суду.

Перад паседжаньнем Вінярскі выказваў думку, што яго зьбіраюцца ізаляваць напярэдадні акцыі пратэсту 21 кастрычніка.

XS
SM
MD
LG