Паводле дадзеных экзыт-полаў, кіроўная кааліцыя прэм’ер-міністра Японіі Сіндзо Абэ ідзе да пераканаўчай перамогі на ўсеагульных выбарах, якія прайшлі ў нядзелю.
Перамога на пазачарговых выбарах, праўдападобна, дазволіць Абэ стаць лідэрам Японіі, які даўжэй за іншых застаецца ва ўладзе.
Імкнучыся скарыстацца тым, што грамадзкасьць ўсё больш падтрымлівае яго жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да паўночнакарэйскай ядзернай пагрозы, Абэ распусьціў ніжнюю палату парлямэнту і абвясьціў аб правядзеньні датэрміновых выбараў, не чакаючы, пакуль тэрмін паўнамоцтваў заканадаўцаў скончыцца ў сьнежні 2018 году.
Аднак у японскім грамадзтве захоўваецца раскол у пытаньні аб прапанаваным Абэ пашырэньні свабоды дзеяньняў вайскоўцаў для супрацьстаяньня патэнцыйным пагрозам ад такіх краінаў, як Паўночная Карэя, і для падтрымкі такіх саюзьнікаў, як ЗША.
Пагрозы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа цалкам зьнішчыць Паўночную Карэю ў выпадку атакі ўзмацнілі занепакоенасьць апанэнтаў Абэ, якія лічаць, што паслабленьне абмежаваньняў на ўжываньне сілы ўцягне Японію ў канфлікты, дзе вядучую ролю будзе адыгрываць ЗША.