Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончы форум патрабуе спыніць перасьлед па справах прафсаюзаў і «Белага легіёну»


Праваабаронца Алесь Бяляцкі выступае на форуме
Праваабаронца Алесь Бяляцкі выступае на форуме

21 кастрычніка ў Вільні ўдзельнікі ІV Беларускага праваабарончага форуму прынялі рэзалюцыю пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

У ёй адзначаецца, што ад моманту правядзеньня папярэдняга форуму ў кастрычніку 2013 году ў Беларусі назіраюцца «пэўныя пазытыўныя крокі ў галіне правоў чалавека, аднак у цэлым сытуацыя істотна не зьмянілася».

Алесь Бяляцкі і Жана Літвіна
Алесь Бяляцкі і Жана Літвіна

​Праваабаронцы заклікаюць беларускія ўлады

– зрабіць дзейсныя захады для забесьпячэньня належнай абароны правоў чалавека і выкананьня міжнародных абавязкаў у галіне правоў чалавека, добраахвотна ўзятых на сябе Рэспублікай Беларусь;

– не дапускаць выпадкаў крымінальнага перасьледу грамадзян па палітычных матывах;

– спыніць раней пачатыя палітычна матываваныя крымінальныя справы і вызваліць усіх палітвязьняў;

– спыніць перасьлед грамадзянаў у сувязі з рэалізацыяй імі правоў і свабодаў, гарантаваных канстытуцыяй краіны і міжнароднымі абавязкамі ў галіне правоў чалавека.

Удзельнікі форуму
Удзельнікі форуму

У сваёй рэзалюцыі праваабаронцы, сярод іншага патрабуюць спыніць крымінальны перасьлед абвінавачаных у справе «пра стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня» і актывістаў незалежнага прафсаюзу РЭП.

Таксама не дапускаць ціску на журналістаў і праваабаронцаў, зьняць забарону на ўезд у Беларусь праваабаронцы Алене Танкачовай, зарэгістраваць праваабарончы цэнтар «Вясна і адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

Алена Танкачова
Алена Танкачова

Праваабаронцы заклікаюць улады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, спыніць умяшальніцтва ў дзейнасьць адвакатуры і практыку прымяненьня прымусовай працы, запрасіць ў краіну спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Сярод 16 патрабаваньняў да ўладаў – «забясьпечыць рэальную роўнасьць абедзьвюх дзяржаўных моваў у дзяржаўных інстытуцыях, у тым ліку праз выданьне актаў заканадаўства ня толькі на расейскай, але і на беларускай мове».

Аўтары рэзалюці рэкамэндуюць міжнароднай супольнасьці «трымаць пытаньне выкананьня Рэспублікай Беларусь правоў чалавека ў фокусе ўвагі пры выбудоўваньні міжнародных адносін паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, а таксама іншымі краінамі».

А таксама прыцягваць беларускіх праваабаронцаў да дыялёгу па правах чалавека па лініях ЭЗ–Беларусь і ЗША–Беларусь.

За рэзалюцыю прагаласавалі прадстаўнікі 29 праваабарончых арганізацый, якія бяруць удзел у форуме.

Таксама праваабаронцы прынялі заяву, у якой рашуча пратэстуюць супраць прэвэнтыўных затрыманьняў актывістаў напярэдадні акцыі «Марш абураных беларусаў», якая ладзілася 21 кастрычніка 2017 году ў Менску.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG